27 лiпеня 2024, Субота, 2:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: ЗША дазволілі тром краінам перадаць Украіне 65 знішчальнікаў F-16

14
СМІ: ЗША дазволілі тром краінам перадаць Украіне 65 знішчальнікаў F-16

Кошт такога пакета вайсковай дапамогі складае $1,68 мільярда.

ЗША дазволілі Даніі, Нарвэгіі і Нідэрландам перадаць Украіне 65 знішчальнікаў F-16 Fighting Falcon. Прыблізны кошт такога пакета вайсковай дапамогі складае 1,68 млрд даляраў ЗША, уключаючы запасныя рухавікі, трэнажоры, дапаможнікі, інструменты і розныя матэрыялы для эксплуатацыі і тэхнічнага абслугоўвання F-16. Аб гэтым піша Zona Militar.

Данія дасць шэсць самалётаў F-16 Block 10, трынаццаць самалётаў F-16 Block 15, дадатковыя рухавікі і дапаможнае абсталяванне.

«Кошт перадачы ацэньваецца на 87,5 мільёна даляраў ЗША. Варта адзначыць, што дацкі ўрад быў не толькі адным з ініцыятараў выдачы Украіне знішчальнікаў F-16, але і адной з нямногіх краін, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку пілотаў і тэхнічнага персаналу», - гаворыцца ў паведамленні.

Што да Нарвэгіі, то ад гэтай дзяржавы Украіна павінна атрымаць да 22 самалётаў F-16 Block 10/15, а таксама рухавікі, дапаможнае абсталяванне, выпрабавальныя стэнды, інструменты, матэрыялы для тэхнічнага абслугоўвання, трэнажоры, запасныя часткі, дапаможнікі і тэхнічную дакументацыю.

«Першапачатковы кошт набыцця складае прыкладна 1,326 мільярда даляраў ЗША. Нарвэгія падала некалькі самалётаў F-16 для падрыхтоўкі ўкраінскіх экіпажаў, а таксама сфармавала асноўную групу інструктараў для падтрымкі дацкіх намаганняў», - адзначыла Zona Militar.

У той жа час нарвэжскае выданне Nettavisen удакладніла, што не ўсе з гэтых 22 знішчальнікаў з'яўляюцца спраўнымі, аднак могуць быць скарыстаны як запчасткі да іншых самалётаў.

Як мяркуе Nettavisen, 12 з 22 самалётаў, ухваленых для перадачы Украіне, цалкам гатовыя да эксплуатацыі, астатнія дзесяць - невядома ў якім стане.

«Урад надумаў перадаць Украіне некалькі самалётаў F-16 у рамках шматнацыянальнага супрацоўніцтва. Дакладная колькасць і тэрміны перадачы Украіне будуць вызначаныя ў дыялогу з Украінай і іншымі краінамі-донарамі», - адказаў выданню прэс-сакратар Міністэрства абароны Нарвэгіі Ларс Г'ембель.

Урэшце Нідэрланды былі яшчэ адным галоўным прыхільнікам праекта пастаўкі знішчальнікаў F-16 украінскім паветраным сілам.

«У першыя месяцы галандскі ўрад быў гатовы перадаць свае F-16 трэцім бакам, каб замяніць баявыя самалёты савецкага паходжання. Хоць гэтая ініцыятыва не была ўвасобленая ў жыццё, яна стала першым крокам для праекта раней згаданых еўрапейскіх краін», - адзначыла Zona Militar.

У выданні ўдакладнілі, што ў апошні тыдзень сакавіка Міністэрства абароны Нідэрландаў абвясціла аб закупцы ракет класа "паветра-паветра" для перадачы Украіне F-16. Кошт гэтай ініцыятывы складае 150 мільёнаў даляраў ЗША.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках