Борыс Джонсан: Прыйшоў час для Захаду прачнуцца
33- 13.04.2024, 8:20
- 22,152
Аднавіць дух Рэйгана і Тэтчэр.
Былы прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заклікаў заходнія краіны адмовіцца ад абмежаванняў на пастаўкі Украіне зброі, неабходнай ёй для перамогі над Расеяй у поўнамаштабнай вайне.
Гэтаму Джонсан прысвяціў сваю штотыднёвую калонку ў таблоідзе Daily Mail.
Джонсан рытарычна пытаецца, «чаму мы марудзім» і «што, чорт вазьмі, на нас найшло», крытыкуючы Захад за затрымкі з ваеннай дапамогай Кіеву.
Былы брытанскі прэм'ер перасцярог, што гіпатэтычная параза Украіны ў вайне супраць Расеі стане «паваротным момантам у гісторыі», калі Захад «канчаткова страціць сваю пасляваенную гегемонію», а агрэсары змогуць не зважаць на межы.
«Гэта будзе жудасны момант для народа Тайваня і самы дакладны сігнал для Кітая, што Захад страціў сілу волі для абароны дэмакратыі», – падкрэсліў ён.
Джонсан у калонцы піша, што праз нястачу снарадаў украінскія вайскоўцы змушаныя чакаць расейскія бамбаванні, а праз нястачу супрацьпаветранай абароны Харкаў можа ператварыцца ў «яшчэ адзін Марыюпаль».
Ён заклікаў Кангрэс ЗША як мага хутчэй ухваліць пакет ваеннай дапамогі Украіне памерам 60 мільярдаў даляраў, а Нямеччыну – паставіць Кіеву ракеты Taurus.
«Настаў час для Захаду, у тым ліку і для Брытаніі, прачнуцца; аднавіць дух Рэйгана і Тэтчэр і інвеставаць у абарону нашых свабодаў. Самы просты і эфектыўны спосаб абараніць свабоду – гэта інвеставаць цяпер у абарону Украіны», – вынікуе экс-прэм'ер Брытаніі.
Борыс Джонсан з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі актыўна падтрымлівае Украіну і выступае за вылучэнне ёй усёй неабходнай дапамогі.