Японія асудзіла «ядзерную рыторыку» Расеі
6- 13.04.2024, 10:50
- 3,934
![Японія асудзіла «ядзерную рыторыку» Расеі](https://i.c97.org/ai/430762/aux-small-1627148744-20210724_hirohito_360.jpg)
Токіа нагадаў пра Хірасіму і Нагасакі.
Японія не змірыцца з ядзернымі пагрозамі з боку Расеі, катастрофы, якія адбыліся ў Хірасіме і Нагасакі, не павінны паўтарыцца, заявіла прадстаўніца дзяржавы на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН у пытанні паставак заходніх узбраенняў Кіеву, яе словы перадае прэс-служба арганізацыі.
«Прадстаўніца Японіі асудзіла неаднаразовую ядзерную рыторыку Масквы, адзначыўшы, што яе краіна, якая пацярпела ад атамных бамбаванняў падчас вайны, ніколі не змірыцца з ядзернымі пагрозамі, не гаворачы ўжо пра якое-небудзь ужыванне ядзернай зброі», – гаворыцца ў паведамленні ААН.
«Катастрофы ў Хірасіме і Нагасакі ніколі не павінны паўтарыцца», – заявіла прадстаўніца краіны.
У канцы лютага прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас паслання Федэральнаму сходу заявіў, што заходнія краіны павінны разумець, што ў Расеі ёсць ядзерная зброя, здольная «біць цэлі на іх тэрыторыі».
«Цяпер наступствы для магчымых інтэрвентаў будуць значна больш трагічнымі. <...> І ўсё, што яны прыдумляюць цяпер, чым палохаюць увесь свет, усё гэта рэальна пагражае канфліктам з выкарыстаннем ядзернай зброі, а значыць, знішчэннем цывілізацыі», – сказаў прэзідэнт.
У сакавіку ён зноў заявіў, што Расея з тэхнічнага гледзішча гатовая да ядзернай вайны.