Сталі вядомыя дэталі пра групу экспертаў, якая будзе кансультаваць Кіеў датычна ўступлення ў ЕЗ
1- 13.04.2024, 11:11
- 2,752
Хто ўвайшоў у склад.
У склад кансультацыйнай групы экспертаў, якія будуць кансультаваць Украіну ў працэсах, звязаных з уступленнем у ЕЗ, увойдуць прадстаўнікі шасці краінаў Паўночнай Еўропы.
Пра гэта паведаміла прэс-служба ўраду Украіны.
У склад групы ўвойдуць прафесійныя прадстаўнікі краінаў Паўночна-Балтыйскай васьмёркі (Эстоніі, Літвы, Латвіі, Швэцыі, Ісландыі, Фінляндыі), якія маюць значны досвед працы ў інстытутах ЕЗ і былі далучаныя да перамоўных працэсаў.
Сярод іншага, гэта:
перамоўнік у перамовах пра ўступленне Эстоніі ў ЕЗ Алар Стрэйман (Alar Streimann);
былы еўракамісар, двойчы міністр фінансаў Літвы Альгірдас Шэмета (Algirdas Šemeta);
былы еўракамісар, латвійскі дыпламат Андрыс Піебалгс (Andris Piebalgs);
былая еўракамісарка, міністарка ў справах ЕЗ Швэцыі (2006–2010) Сісілія Мальмстрам (Cecilia Malmström);
ісландскі дыпламат, дырэктар у еўрапейскіх справах і ўдзельнік перамоваў пра ўступленне ў ЕЗ (2008–2013) Хёгні С. Крысціянсан (Högni S. Kristjánsson);
дзяржаўная сакратарка ў пытаннях ЕЗ і міжнародных стасункаў Швэцыі (2010–2014) Катарына Арэскуг (Katarina Areskoug); былы гендырэктар Нацыянальнай зямельнай службы Літвы (2017–2021) Ляйманас Чыякас (Laimonas Čiakas);
былая сталая прадстаўніца Фінляндыі пры ЕЗ (2017–2021) Мар'я Рыслакі (Marja Rislakki);
галоўны перамоўнік датычна ўступлення Ісландыі ў ЕЗ (2009–2013) Стэфан Хаўкур Ёханэсан (Stefán Haukur Jóhannesson).
Дзейнасць групы будзе каардынаваць Швэдская нацыянальная рада гандлю (National Board of Trade Sweden) – швэдскае ўрадавае агенцтва, заснаванае ў 1651 годзе, якое займаецца пытаннямі міжнароднага гандлю, унутранага рынку і гандлёвай палітыкі ЕЗ.