У Сіднэі мужчына з нажом напаў на людзей у гандлёвым цэнтры
6- 13.04.2024, 11:36
- 6,746
Загінулі да шасці чалавек.
Невядомы напаў з нажом на людзей у гандлёвым цэнтры Westfield Bondi Junction на ўсходзе Сіднэя, паведамляе ABC. Sydney Morning Herald піша, што ў выніку нападу загінулі да шасці чалавек. Людзей эвакуявалі.
Паліцыя штата Новы Паўднёвы Уэльс паведаміла, што экстранныя службы былі выкліканыя ў Westfield Bondi Junction блізу 16-й пасля паведамленняў пра нанясенне нажавых раненняў некалькім людзям.
ABC паведамляе, што некаторыя наведнікі ў першыя хвіліны замкнуліся ў крамах і дапаможных памяшканнях. Паводле словаў аднаго з пакупнікоў, які быў у ГЦ разам са сваімі дзецьмі, ён пачуў два стрэлы, пасля чаго ўсе пабеглі.
Служба хуткай дапамогі Новага Паўднёвага Уэльса паведамляе, што сама меней сем чалавек былі шпіталізаваныя з нажавымі раненнямі, у тым ліку дзевяцімесячнае дзіця. Sydney Morning Herald піша, што ў лякарні былі дастаўленыя восем пацярпелых, у тым ліку дзіця.
Уладальнік адной з крамаў расказаў Sydney Morning Herald, што бачыў, як паліцыянты застрэлілі чалавека з нажом. Паліцыя праверыць, ці дзейнічаў нападнік адзін.
Выканаўца абавязкаў прэм'ер-міністра Пені Шарп заявіла, што «шакіраваная паведамленнямі пра шматлікіх пацярпелых» у Bondi Junction. «Мае думкі і думкі ўраду Новага Паўднёвага Уэльса цяпер з пацярпелымі, іх сем'ямі і службамі хуткага рэагавання, а таксама з тымі, хто быў сведкамі гэтых жудасных падзей», – гаворыцца ў яе заяве.