Навукоўцы распрацавалі новы прэпарат для лекавання грыпу
1- 13.04.2024, 15:21
- 2,952
Ён прадухіляе цяжкія пашкоджанні лёгкіх.
Даследнікі з Медыцынскай школы Універсітэта Тафца, Дзіцячай даследчай лякарні Св. Джуда, Універсітэта Х'юстана і Анкалагічнага цэнтра Фокса Чэйза распрацавалі новы прэпарат для лекавання цяжкага грыпу. Лекі не прыбіраюць цалкам запаленне, каб дапамагчы імунітэту змагацца з інфекцыяй, але прадухіляюць цяжкія пашкоджанні лёгкіх. Эфектыўнасць тэрапіі пацвердзілі на мышах, піша «Хайтэк».
Цяжкая інфекцыя вірусу A выклікае ў інфекаваных клетках асаблівы тып гібелі клетак – некраптоз. Гэта натуральны працэс, прызначаны для абмежавання распаўсюджвання вірусу шляхам актыўнага знішчэння інфекаваных клетак і мабілізацыі імуннай сістэмы. Але некраптоз можа выклікаць патэнцыйна смяротную гіперзапаленчую рэакцыю і спадарожнае пашкоджанне лёгкіх.
Пратэінкіназа 3, якая ўзаемадзейнічае з рэцэптарам (RIPK3), з'яўляецца важнай часткай некраптозу, але таксама кантралюе іншы шлях гібелі клетак: апаптоз. Апаптозная смерць звычайна не выклікае імуннага водгуку, у той час як пры некраптозе вызваляюцца малекулы, якія спрыяюць запаленню. Прэпарат UH15-38 прадухіляе запуск RIPK3 для некраптозу – і, такім чынам, некантраляванае запаленне, – пры гэтым дапускаючы апаптатычную гібель клетак, выдаляючы інфекаваныя клеткі менш запаленчым спосабам.
Даследнікі пратэставалі UH15-38 на мадэлях мышэй і выявілі, што высокая доза прэпарату абараняе ад дозы вірусу грыпу A, якая звычайна была б смяротнай для жывёлаў. А ў нізкіх дозах UH15-38 абараняў мышэй ад грыпу, аналагічнага захворванню людзей. Характэрна, што мышы былі абароненыя, нават калі яны атрымлівалі прэпарат праз некалькі дзён пасля заражэння IAV.
«Поўнае знішчэнне RIPK3 – не найлепшы варыянт, таму што тады імунная сістэма не зможа знішчыць вірус. Калі мы выключылі толькі некраптоз, жывёлы адчулі сябе лепш, таму што ў іх усё яшчэ быў апаптоз і яны ўсё яшчэ маглі пазбавіцца ад інфекаваных клетак, але гэты працэс не быў такім запаленчым», – расказаў суаўтар даследавання Пол Томас.
UH15-38 бяспечна пераносіцца мышамі. Наступным крокам стануць даклінічныя выпрабаванні і выпрабаванні на людзях. Даследнікі таксама правераць, ці эфектыўны UH15-38 пры лекаванні іншых рэспіраторных захворванняў.