Іран заявіў аб заканчэнні першай хвалі атакі і выставіў Ізраілю ўмову
- 14.04.2024, 10:53
- 19,760

Магчымы працяг паветраных удараў.
Дэлегацыя Ірана ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ААН) заявіла, што Тэгеран мае намер абмежавацца ўжо нанесенай гэтай ноччу хваляй удараў па тэрыторыі Ізраіля. Але магчымы і працяг паветраных атак.
Пра гэта паведамляе newsru.co.il.
Як запэўнілі прадстаўнікі іранскай дэлегацыі, першая хваля ўдараў ужо адбылася. Тэгеран назваў яе ваенным «адказам» на ўдар Ізраіля па іранскім «консульстве» ў сталіцы Сірыі Дамаску 1 красавіка.
Сцвярджаецца, што новыя запускі беспілотнікаў і ракет з іранскага боку пакуль не будуць зробленыя.
Пры гэтым іранская дэлегацыя ў ААН падкрэсліла, што магчымыя і новыя хвалі атакі ў выпадку, калі Ізраіль «зробіць глупства», маючы на ўвазе адказ на ўжо нанесеныя сёння ўдары.
Атака Ірана на Ізраіль
Раней паведамлялася, што ўвечары ў суботу, 13 красавіка, Іран запусціў па тэрыторыі Ізраіля сотні беспілотнікаў у адказ на ракетны ўдар па іранскім консульстве ў Дамаску.
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нэтаньяху запісаў відэазварот да грамадзян дзяржавы, у якім заявіў, што Ізраіль гатовы да наўпроставага нападу з боку Ірана і адкажа тым жа.
Ізраільскія вайскоўцы ідэнтыфікавалі больш за 100 беспілотнікаў, запушчаных з Ірана. ВПС адсочваюць беспілотнікі і рыхтуюцца да дадатковых хваляў нападаў, якія таксама могуць уключаць ракеты.
Times of Israel са спасылкай на 12 канал паведаміў, што Ізраіль ужо пачаў перахапляць іранскія беспілотнікі над Ярданіяй і Сірыяй.