Чарга з легкавушак на выезд з Літвы ў Беларусь расцягнулася на кіламетры
4- 14.04.2024, 14:10
- 19,330

Ёсць цікавая дэталь.
Чарга з легкавых аўтамабіляў на выезд з Літвы ў Беларусь расцягнулася на тры кіламетры.
Такая сітуацыя склалася ў пункце пропуску «Меднікі». Цікава, што прыкладна 40% гэтых аўто на транзітных нумарах, паведамляе лагістычны партал Infotrans Media Belarus.
Многія перагоншчыкі спрабуюць правезці аўто праз літоўскую мяжу, хаця дакументы ў іх аформленыя для пераходу мяжы Польшчы. Такіх кіроўцаў літоўскія памежнікі разварочваюць.
Польшча забараніла вываз у Беларусь транзітных аўтамабіляў коштам, большым за 50 тысяч еўраў і з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра. Паведамлялася, што аналагічную забарону ўвяла і Літва.
Паводле звестак Дзяржпрагранкамітэта, складаная сітуацыя на выезд з Беларусі ў бок Еўразвяза захоўваецца. Так, у пункце пропуску ў Берасці на выезд у Польшчу ў чарзе стаяць 100 легкавых аўто і 45 аўтобусаў.
У пункце пропуску «Каменны лог» на мяжы з Літвой афармлення чакаюць 790 грузавікоў і 40 легкавых аўто, у «Беняконях» — 700 грузавікоў і 30 легкавікоў. Выезду ў Латвію чакаюць 815 фургонаў, легкавыя аўтамабілі праходзяць мяжу хутчэй.