У Беларусі зноў уключаюць ацяпленне
9- 15.04.2024, 22:37
- 15,346

Праз надвор'е.
У Віцебску ў кватэрах і на аб'ектах сацыяльнага прызначэння ўключаць ацяпленне. Гэта звязана з падзеннем сярэднясутачнай тэмпературы вонкавага паветра ніжэй за +8℃, паведамляе абласная газета «Витебские вести».
У Віцебску пачалі адключаць ацяпленне на пачатку красавіка.
У цэлым у Беларусі на прадпрыемствах і ў арганізацыях яго перасталі падаваць 2–3 красавіка. А першым абласным горадам, дзе гэта зрабілі ў кватэрах, стала Гародня. Гэта адбылося з 8 красавіка.
У Беларусі пастанову пра заканчэнне ацяпляльнага сезону прымае мясцовая ўлада. У лякарнях, садах і школах гэта, як правіла, робяць пры сярэднясутачнай тэмпературы вонкавага паветра 10℃ цягам трох сутак. Для кватэраў тэмпература вонкавага паветра не павінна перавышаць 8℃.
На гэтым тыдні ў Беларусь прыйшло пахаладанне. Сіноптыкі прагназуюць дажджы і нават мокры снег.