30 красавiка 2024, aўторак, 20:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Тым, хто прыехаў пасля лютага 2022-га, ДНЖ не падаўжаюць»

15
«Тым, хто прыехаў пасля лютага 2022-га, ДНЖ не падаўжаюць»

Беларускага праграміста выселілі з Турцыі.

Вядомы беларускі тэставальнік, выкладчык Арцём Русаў расказаў «Нашай ніве», што яму не падоўжылі дазвол на жыхарства ў Турцыі. Ён жыў там з моманту, як ва Украіне пачалася вайна. З Беларусі ж з'ехаў у 2021-м. Цяпер ён зноў быў вымушаны пакаваць чамаданы і ехаць у Грузію.

«Далі 10 дзён на тое, каб з'ехаць»

Арцём амаль два гады пражыў у турэцкім горадзе Кушадасы, працаваў на сябе і на фізічных асоб, не ў найме.

Гаворыць, што вельмі звык да краіны. Да красавіка 2024 года ў яго не было праблем з дакументамі: так званы турыстычны ДНЖ з паручальніцтвам (з рэкамендацыяй мясцовага турка) яму працягвалі тры разы запар - адзін раз на год і два - на паўгода.

«Гэты разам мы падалі заяву на падаўжэнне як звычайна, за тыдзень да заканчэння ДНЖ. Дакументы ўзялі, мы аплацілі мыту (60 даляраў за яе + 30 даляраў страхоўка). Звычайна ў нашым горадзе гэта быў знак, што ўсё мусіць быць добра. Аднак праз тыдзень нас папрасілі прыйсці ў мясцовую міграцыйную службу, азнаёмілі з адмовай, вярнулі грошы і далі 10 дзён на тое, каб выехаць».

Са слоў суразмоўцы, у міграцыйнай службе ім сказалі, што адмаўляюць усім з турыстычнымі ДНЖ, хто першы раз афармляў дакумент пазней за люты-сакавіка 2022-га.

«У саміх паперах напісана, што мы не адпавядаем патрабаванням закона 6458 (Закон аб замежніках і міжнароднай абароне), але якім канкрэтна - у дакуменце не згадваецца. Трэба разумець, што ў краіне існуе такое паняцце, як «турэцкі рандом». Многія моманты заканадаўства трактуюцца органамі кіравання гарадоў і правінцый па-рознаму».

У міграцыйнай службе Арцёму паведамілі, што пасля адмовы ён мае права падавацца на ДНЖ зноў праз тры месяцы.

«Можна спрабаваць атрымліваць студэнцкі або працоўны ДНЖ, але яны патрабуюць абавязковай візы перад гэтым, якую трэба атрымаць у іншай краіне», – каментуе Арцём.

Суразмоўца кажа, што ў ягоным горадзе – «суцэльныя адмовы» з падобных прычын. Праблема закранула беларусаў і ў іншых гарадах.

Журналісты звязаліся з яшчэ двума беларусамі, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі ў Турцыі. Фармулёўка адмовы ў працягу ДНЖ - такая ж, як у Арцёма.

«Я ведаю, што нехта спрабуе перападацца ў іншых гарадах. Хтосьці падае апеляцыю, чакае судоў, але гэта не мой варыянт: трэба рухацца далей».

На думку Арцёма, такія несправядлівыя пастановы маюць палітычнае адценне:

«У Турцыі зараз крызіс. І той жа рост коштаў на арэнду, напрыклад, спрабуюць павесіць на замежнікаў, але не на вар'яцкую інфляцыю».

Журналісты звярнуліся па каментар у міграцыйныя турэцкія органы і арганізацыі, якія дапамагаюць замежнікам з легалізацыяй.

«З сакавіка 2022 года для турыстычнага ДНЖ трэба больш доказаў»

У Кансультацыйным цэнтры для замежных грамадзян (Foreign Citizens Advice Centre) нам распавялі, што з сакавіка 2022 года тыя, хто падае заяўку на атрыманне дазволу на жыхарства на падставе турызму, павінны падаваць больш доказаў сваёй турыстычнай дзейнасці - напрыклад, квіткі на самалёт і рэзервацыю гатэляў.

«Гэтыя правілы распаўсюджваюцца на ўсіх, і ніякія канкрэтныя нацыянальнасці тут не выдзяляюцца. У гэтым выпадку адмова на ДНЖ азначае, што заяўнік не адпавядае патрабаванням да канкрэтнага дазволу на жыхарства», - распавялі ў арганізацыі, не адказаўшы, чаму раней гэты самы чалавек з такім жа пакетам дакументаў ДНЖ атрымліваў, а цяпер яму адмовілі. «Іншаземец можа падаць апеляцыю на пастанову аб адмове, але не можа заставацца ў Турцыі да разгляду апеляцыі».

У Кансультацыйным цэнтры таксама адзначылі, што ў Турцыі існуюць і іншыя шляхі атрымання ДНЖ: «Чалавек можа купіць нерухомасць, ці атрымліваць дзяржаўную пенсію, ці інвеставаць у Турцыю, а таксама скарыстацца некаторымі іншымі магчымасцямі, у тым ліку падачай заявы на атрыманне дазволу на працу».

З гэтага спісу апошняя опцыя тэарэтычна магла пасаваць Арцёму, але ён зноў падкрэслівае: «Праблема ў тым, што той жа працоўны ДНЖ робіцца праз працоўную візу ў іншай краіне, а ў Беларусь вяртацца я не планую для гэтага са зразумелых прычын. А працы для праграмістаў у самой Турцыі няма, асабліва для замежных».

Таксама нядаўна стала вядома, што Турцыя запусціла сваю праграму віз для «лічбавых качэўнікаў». З абавязковых патрабаванняў: пацвярджэнне дыстанцыйнай працы і штомесячны заробак ад трох тысяч даляраў ЗША.

«Думаю рухацца ў бок ЕЗ ці ЗША»

Арцёма засмучае становішча беларусаў у сённяшнім свеце: «Мы і не расейцы, і не ўкраінцы. Многія праграмы падтрымкі для нас недаступныя (у краінах Азіі - тым больш), а хтосьці разглядае нас як памагатых тэрору. У Турцыі, напрыклад, многія нас не ўспрымаюць як асобную краіну, а залічваюць да Расеі.

У сакавіку 2022-га мяне не пусцілі ў Польшчу з Украіны, сказаўшы, што я магу вяртацца ў Беларусь, там вайны няма. Пазней я хацеў атрымаць візу паводле праграмы PBH, але як толькі пачаў прапрацоўваць пытанне, яе закрылі.

Цяпер я паехаў у Грузію. Але разумею, што гэта не краіна для сталага месца жыхраства, а часовы прытулак. Думаю рухацца ў бок ЕЗ ці ЗША ў будучыні».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках