29 траўня 2024, Серада, 22:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэкордную за 14 гадоў колькасць расейцаў асудзілі за шпіянаж і дзяржздраду

6
Рэкордную за 14 гадоў колькасць расейцаў асудзілі за шпіянаж і дзяржздраду

Пры гэтым рэкорд быў устаноўлены паводле ўсіх трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

У 2023 годзе суды ў Расеі ўстанавілі рэкорд па колькасці абвінаваўчых прысудаў паводле артыкулаў аб дзяржаўнай здрадзе (арт.275 КК, максімальнае пакаранне — пажыццёвы тэрмін), шпіянажы (арт.276 КК, максімальнае пакаранне — 20 гадоў пазбаўлення волі) і выдаванне дзяржаўнай тайны ( частка 1 артыкула 283 КК, максімальнае пакаранне - 4 гады пазбаўлення волі) з 2010 года, піша «Вёрстка», спасылаючыся на звесткі судовага дэпартамента. Пры гэтым рэкорд быў устаноўлены па ўсіх трох артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Так, паводле артыкула аб дзяржздрадзе ў Расеі летась асудзілі 39 чалавек. Папярэдні рэкорд быў зафіксаваны ў 2022 годзе –16. Такім чынам, за год колькасць асуджаных паводле гэтага артыкула ўзрасла амаль у 2,5 разы.

За шпіянаж у 2023 годзе асудзілі дзевяць чалавек. Да гэтага рэкордным уважаўся 2018 год, калі паводле гэтага артыкула асудзілі чатырох чалавек. За выдаванне дзяржтаямніцы летась былі асуджаныя 73 чалавекі, што на чатыры больш, чым у 2022-м, калі быў зафіксаваны папярэдні рэкорд.

У канцы лютага 2023 года Уладзімір Пуцін звярнуўся да супрацоўнікаў ФСБ з патрабаваннем разабрацца з «мярзотай», якая «спрабуе раскалоць грамадства», і больш актыўна шукаць замежных шпіёнаў. У красавіку мінулага года прэзідэнт РФ падпісаў закон аб пажыццёвым зняволенні за дзяржаўную здраду. Да гэтага пакаранне прадугледжвала ад 12 да 20 гадоў пазбаўлення волі. У жніўні 2023 года Пуцін падзякаваў членам Савета Федэрацыі і Дзяржаўнай думы за працу ў першай палове мінулага года, па выніках якой расейскія заканадаўцы прынялі амаль 500 законаў, дзясяткі з якіх — рэпрэсіўныя.

У верасні 2023 года супрацоўнікі ФСБ затрымалі расейца, які спрабаваў выехаць ва Украіну. Паводле версіі спецслужбы, мужчына нібыта спрабаваў далучыцца да ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку УСУ. У дачыненні да затрыманага распачалі крымінальную справу на падставе ч.1 арт.30 («Падрыхтоўка да злачынства і замах на злачынства») і на падставе арт.275 («Дзяржздрада»).

У ліпені 2023 года ФСБ за адзін толькі дзень затрымала чацвярых расейцаў. У Арлоўскай вобласці быў затрыманы мясцовы праваабаронца, які нібыта пераводзіў грошы ва Украіну. Яшчэ дваіх расейцаў арыштавалі ў памежнай з Украінай Курскай вобласці. У ФСБ іх назвалі «злачыннай групай», якая падазраецца ў перадачы звестак аб аб'ектах Мінабароны Узброеным сілам Украіны. Ва Уладзімірскай вобласці быў арыштаваны жыхар горада Вязнікаў, паводле падазрэння ў намеры ўступіць у «Легіён «Свабода Расеі». Супраць усіх затрыманых распачалі справу паводле артыкула аб дзяржздрадзе.

У верасні 2022 года супрацоўнікі ФСБ ва Уладзівастоку затрымалі японскага консула Матакі Тацуноры. Паводле інфармацыі спецслужбаў, ён атрымліваў сакрэтныя звесткі, звязаныя з уплывам санкцый на эканоміку Прымор'я. Тацуноры быў абвешчаны персонай нон-грата, пасля чаго яму паведамілі аб неабходнасці пакінуць Расею цягам 48 гадзін.

Летась у сакавіку ў Екацярынбурзе быў затрыманы журналіст амерыканскай газеты The Wall Street Journal (WSJ) Эван Гершкавіч. Грамадзяніна ЗША абвінавацілі ў шпіянажы, супраць яго распачалі крымінальную справу. Паводле звестак ФСБ, журналіст «на заданне ЗША збіраў звесткі аб адным з прадпрыемстваў расейскага ВПК, якія складаюць дзяржтаямніцу».

У ліпені 2022 года Савецкі раённы суд Новасібірска адправіў у СІЗА навукоўца-фізіка, доктара навук, загадчыка лабараторыі квантавых аптычных тэхналогій Новасібірскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрыя Колкера. У Колкера была апошняя стадыя раку, ён не мог харчавацца самастойна. Фізіка абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта перадаў Кітаю звесткі, якія змяшчаюць дзяржаўную таямніцу.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках