Знойдзеныя закамянеласці найбуйнейшай у гісторыі змяі
5- 19.04.2024, 20:26
- 13,014
Палеантолагі ў шоку.
У засушлівых ландшафтах горада Кача ў штаце Гуджара, Заходняя Індыя, двое палеантолагаў знайшлі скамянелыя фрагменты хрыбетнага слупа гіганцкай змяі з вымерлага сямейства Madtsoiidae ранняга эацэну (гэта геалагічная эпоха, якая пачалася 56 мільёнаў гадоў таму і скончылася 33,9 мільёна). Гэта паўзун не толькі пабівае папярэднія рэкорды ў памерах для свайго віду, але і дае нам новую каштоўную інфармацыю пра перамяшчэнні дагістарычных істотаў па кантынентах, піша techinsider.
27 буйных закамянеласцяў пазваночніка дазволілі навукоўцам выказаць здагадку, што змяя дасягала ашаламляльнай даўжыні ад 11 да 15 метраў – гэта нават даўжэй за аўтобус. Большую частку фрагментаў – 22 штукі – аднеслі да задняй часткі тулава змяі, а закрыццё хрыбетных швоў навяло даследнікаў на думкі, што ўладальнік гэтых костак, хутчэй за ўсё, дасягнуў сталасці шкілета.
Пры правядзенні аналізу пазванкоў палеантолагі выявілі мноства індывідуальных прыкметаў, якія дазволілі аднесці змяю да новага віду. Яна атрымала імя Vasuki indicus – у гонар міфічнай велічэзнай змеі, якая абвівае шыю Шывы. Некаторыя асаблівасці закамянеласцяў паказваюць на няводны лад жыцця рэптыліі ў адрозненне ад водных змей, якія могуць валодаць высокім птэрапофізам (характэрным для пазванкоў змей выступам) і мець сціснутыя з бакоў пазванкі з звернутымі да брушной паражніны сінапофізамі (папярочныя атожылкі), такім чынам размяшчаючы рэбры пад пазванкамі.
З усяго гэтага таксама была зробленая выснова, што Vasuki indicus – драпежнік з засады, які спадзяваўся на сваю масіўную форму і сілу для захопу здабычы, а не на хуткасць або атруту. Ахвярамі рэптыліі маглі быць самы, чарапахі, кракадзілы і раннія кітападобныя.
Ключавым чыннікам, які стымулюе эвалюцыю змей такіх буйных памераў, мог стаць цёплы клімат ранняга эацэну – сярэдняя тэмпература паветра ў тыя часы складала блізу 28°C. Такім чынам, гэтыя гіганцкія рэптыліі, верагодна, квітнелі ў цёплых трапічных зонах, што падтрымлівала іхнія вялікія памеры цела і экасістэму, у якой яны дамінавалі.
Яшчэ з цікавых назіранняў – час існавання гэтага віду змей супадае са значнымі геалагічнымі падзеямі, уключаючы сутыкненне Індыйскага субкантынента з Азіяй. Гэта магло паспрыяць распаўсюджванню Vasuki indicus з Індыі ў Еўразію і Паўночную Афрыку.