У Берасці загадчыцу інтэрната аштрафавалі за тое, што яна здала жыллё расейцу
2- 19.04.2024, 21:38
- 4,404
І не паведаміла ў МУС.
У Берасці суд аштрафаваў загадчыцу інтэрната за тое, што яна здала жыллё грамадзяніну Расеі і не паведаміла пра гэта ў МУС, піша BGmedia.
Суд Маскоўскага раёна Берасця разгледзеў адміністрацыйную справу 1 красавіка. Загадчыцу інтэрната ААТ «Б» Алісу (імя выдуманае) абвінавацілі ў правапарушэнні паводле арт. 24.11 КаАП (непадача дакументаў, справаздачаў і іншых матэрыялаў). Судовую пастанову апублікавалі ў банку судовых пастановаў.
Згодна з дакументам, Аліса, з'яўляючыся службовай асобай ААТ «Б» у частцы здачы ў наём жылых памяшканняў, размешчаных у Берасці на вуліцы Янкі Купалы, не падала цягам трох гадзінаў 26 і 27 лютага ў МУС інфармацыю пра грамадзяніна Расеі, якому здала жыллё. Паказальна, што міліцыянты даведаліся пра гэта толькі 15 сакавіка, пасля чаго і пастанавілі скласці на жанчыну адміністрацыйны пратакол.
Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра інтэрнат № 3 ААТ «Берасцейскі панчошны камбінат», які знаходзіцца на вуліцы Янкі Купалы, 3/1. Гэта адзіны інтэрнат на гэтай вуліцы, які належыць ААТ «Б», як напісаны ў судовай пастанове. Да таго ж «Берасцейскі панчошны камбінат» выставіў на kufar.by аб'яву, што здае ў арэнду пакоі менавіта ў гэтым інтэрнаце.
На думку міліцыянтаў, не паведаміўшы ў МУС пра грамадзяніна Расеі, загадчыца інтэрната парушыла п. 1 Пастановы МУС ад 01.07.2010 № 214 «Аб парадку інфармавання органаў унутраных справаў аб замежных грамадзянах і асобах без грамадзянства», ч. 2 арт. 43-1 Закона «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь».
Суддзя прызнаў берасцейку вінаватай у непадачы службовай асобай у вызначаныя тэрміны звестак, калі абавязак іх падачы прадугледжаны заканадаўчым актам (арт. 24.11 КаАП). За гэта загадчыцу інтэрната аштрафавалі на 1 базавую велічыню (40 рублёў). Між тым максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула – штраф 20 базавых велічыняў (800 рублёў).
У якіх гарадах Беларусі самыя дарагія кватэры на суткі?
Праваабаронца Раман Кісляк нагадаў, што паводле арт. 24.11 КаАП могуць змушаць да адказнасці толькі службовых асобаў, іншых упаўнаважаных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ў вызначаныя тэрміны не падаюць у МУС дакументы, справаздачы, звесткі і іншыя матэрыялы або падаюць іх, але з заведама несапраўднымі звесткамі.
Звычайных грамадзянаў паводле гэтага артыкула не могуць змусіць да адказнасці. Аднак улады ліквідавалі гэты прабел, дапоўніўшы ч. 6 арт. 24.35 КаАП патрабаваннем, што перадаваць у міліцыю інфармацыю пра замежнікаў, якія засяліліся, цягам трох гадзінаў павінны ўсе магчымыя суб'екты – «юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку ІП». Яны абавязаныя інфармаваць МУС пра жыхароў, якія прыязджаюць «на тэрмін адны суткі і больш» (не адносіцца да ўрадавых гасцей, іншаземцаў, дальнабойнікаў і гэтак далей).
Парушальнікам пагражае штраф да 20 базавых велічыняў (800 рублёў). Гэтыя палажэнні закона пачнуць дзеянне менш як праз тры месяцы – 7 ліпеня.