4 траўня 2024, Субота, 3:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

WSJ: Палітыцы «фінляндызацыі» прыйшоў канец

5
WSJ: Палітыцы «фінляндызацыі» прыйшоў канец

Расея - галоўны вораг Фінляндыі.

Узброеныя фінскія памежнікі патрулююць усходні фланг краіны - найноўшую і самую доўгую мяжу NАТО з галоўным супраціўнікам, Расеяй. Гелікаптэры і беспілотнікі лётаюць уздоўж новых парканаў вышынёй амаль 4 м, з калючым дротам зверху і 24-гадзіным назіраннем. Новыя меры закліканы ахаваць Фінляндыю ад усё больш агрэсіўных дзеянняў Расеі.

Хельсінкі мяркуюць, што прыток мігрантаў, які працягваецца нават пасля закрыцця мяжы з Расеяй у канцы мінулага года, з'яўляецца часткай гібрыднай вайны, якую Масква разгортвае для запалохвання і праверкі фінскіх службаў бяспекі пасля ўступлення краіны ў NАТО, піша The Wall Street Journal.

«Мы дзесяцігоддзямі разглядалі мірны і ваенны час як асобныя паняцці. Межы гэтых паняццяў паступова размываюцца, і паміж мірам і вайной з'яўляюцца адценні шэрага. Гэта новая норма жыцця побач з Расеяй», - кажа фінскі парламентарый Ярно Лімнэл.

Стасункі Фінляндыі з Расеяй доўгі час фармаваліся шмат у чым дзякуючы Зімовай вайне 1939-40 гадоў. Яна скончылася тым, што Фінляндыя саступіла савецкаму дыктатару Іосіфу Сталіну значныя абшары тэрыторыі ў абмен на захаванне незалежнасці.

З таго часу Фінляндыя, якая мае мяжу з Расеяй, на працягу дзесяцігоддзяў знаходзіла крохкі баланс у дачыненнях са сваім значна большым суседам. Яна старанна пазбягала палітыкі і дзеянняў, якія Расея магла б разглядаць як пагрозлівыя, але не дазваляла Маскве падысці заблізка.

Гэтая палітыка, якая атрымала ў гады халоднай вайны назву «фінляндызацыя», стала агульным словам для абазначэння таго, як невялікая дзяржава ідзе на саступкі буйному, каб захаваць сваю незалежнасць. Аднак з уступленнем у NАТО Фінляндыя радыкальна перагледзела сваю палітыку ў дычынненні да Расеі, разглядаючы Маскву як свайго галоўнага супраціўніка.

У адрозненне ад шматлікіх еўрапейскіх войскаў, Фінляндыя з насельніцтвам блізу 5,5 мільёнаў чалавек заўсёды падтрымлівала агульны вайсковы абавязак для мужчын і штогод рыхтуе блізу 20 тысяч новых навабранцаў. На працягу многіх гадоў яе войскі праходзілі падрыхтоўку ў NАТО, што зрабіла ўступленне краіны ў альянс даволі беспраблемным. Краіна ганарыцца сваім уменнем ваяваць у халодную пару года і валодае значным артылерыйскім патэнцыялам.

Пасля лютага 2022 года Фінляндыя павялічыла вайсковыя выдаткі да ўзроўню больш як 2%, закупіўшы амерыканскія ракетныя комплексы, а таксама ізраільскія супрацьтанкавыя і супрацьпаветраныя сістэмы. Краіна рыхтуецца размясціць знішчальнікі F-35, якія яна атрымае ад ЗША, за 160 км ад мяжы з Расеяй.

Фінская ўлада сцвярджае, што зараз Масква засяроджаная на гібрыдных формах агрэсіі. У лістападзе Фінляндыя закрыла мяжу з Расеяй на нявызначаны тэрмін, але дзясяткі людзей па-ранейшаму пранікаюць у краіну. Тысячы людзей дагэтуль чакаюць перасячэння мяжы ўнутры Расеі. Падчас зімы Расея таксама ажыццявіла шэраг кібератак, у тым ліку атакі тыпу «адмова ў абслугоўваннію на цэнтральны банк Фінляндыі, падатковую службу і універсітэты, кажа фінскі парламентарый Ярна Лімнэл.

«Закрыццё мяжы і ўзмацненне мераў бяспекі нанеслі шкоду ўсходняму памежнаму рэгіёну Фінляндыі, які і так з'яўляецца самым бедным у краіне. Мясцовыя прадпрыемствы, якія доўгі час абслугоўвалі расейскіх турыстаў, страчваюць прыбыткі сумай 1 млн еўраў на дзень, або блізу 1,1 млн даляраў», - паведамляе The Wall Street Journal.

Закрыццё мяжы таксама прывяло да спынення імпарту таннай драўніны з Расеі. Кіраўнік рэгіёну Паўднёвая Сава ва Усходняй Фінляндыі Пентці Макінэн кажа, што неабходнасць вайскоўцаў сачыць за ўсходняй часткай Фінляндыі з дапамогай адчувальных радараў ускладняе планы будаўніцтва ветраных электрастанцый.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках