«Ужо больш за тыдзень не даюць мне спакою словы нашай класнай кіраўніцы»
41- 23.04.2024, 21:38
- 41,030
Па беларускіх школах папаўзлі чуткі аб нечаканых зменах з атэстатамі.
Чытачка сайта Charter97.org распавяла пра чуткі, якія распаўсюджваюцца беларускімі настаўнікамі:
- Мая дачка заканчвае 9-ы клас, дык з гэтай нагоды класная кіраўніца паклікала бацькоў на сход, расказаць пра экзамены ды пра далейшыя перспектывы. Я ні нашай сістэме адукацыі, ні нашай класнай кіраўніцы не давяраю, але тое, што пачула, выклікала ў мяне бессань і стрэс.
Класная кіраўніца паведаміла бацькам, што з наступнага навучальнага года нібыта хочуць увесці новае правіла для выпускнікоў: не аддаваць на рукі атэстат, маўляў, універсітэты самі тыя атэстаты будуць у школах запытваць. З аднаго боку, я ўспрыняла гэта такім чынам, што класная кіраўніца зацікаўленая запалохаць бацькоў, каб тыя пасля 9-га класа адправілі дзяцей у тэхнікумы. А гэта такі элемент ціску. Маўляў, паспейце ўладкаваць сваё дзіця.
А з другога боку, якая ёй карысць нас уводзіць у зман, магчыма, і сапраўды прапрацоўваюць пытанне, каб не аддаваць атэстаты дзецям, і такім чынам стрымліваць адток студэнтаў за мяжу. У нас жа “самыя лепшая сістэма адукацыі ў свеце”.
Гэта мы ўжо праходзілі за сталінскім часам, калі вяскоўцам не выдавалі пашпарты, каб людзі не маглі ўцячы з “калхознага раю”. Можа, на ўзор пашпартоў будуць такую штуку і з атэстатамі пракручваць?
Але яшчэ больш падліла газы ў агонь мая прыяцелька з Гарадзенскай вобласці, якая на эмоцыях затэлефанавала мне і расказала дакладна такую ж навіну ад настаўніцы свайго сына.