3 траўня 2024, Пятніца, 23:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто ўвозіць грузавікі праз Беларусь у Расею ў абыход санкцый: расследаванне

4
Хто ўвозіць грузавікі праз Беларусь у Расею ў абыход санкцый: расследаванне

Агулам на Беларусь прыпадае прыкладна траціна ад ценявога экспарту ў РФ.

«Белсат» са спасылкай на «Бюро» расследавальнікаў расказаў, як еўрапейскія грузавікі трапляюць у Расею праз Беларусь у абыход санкцый, хто ім у гэтым дапамагае, а таксама як гэта можна спыніць.

Са звестак расследавальнікаў, падсанкцыйныя еўрапейскія грузавікі ў Расею возяць дзясяткі беларускіх кампаній. Сярод папулярных аўтамабільных брэндаў - Volvo, Scania, Mercedes-Benz, DAF, MAN, Renault. Краінай паходжання грузавікоў пазначаны Швэцыя, Бельгія, Нідэрланды, Францыя, Нямеччына, Польшча.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Еўразвяз забараніў прадаваць грузавікі ў Расею і Беларусь, але тэхніка трапляе ў гэтыя краіны ў абыход санкцый. Дзякуючы розным схемам, у 2023 годзе з Беларусі ў РФ паставілі больш за 600 цягачоў на $60 млн.

Хто пастаўляе грузавікі

У тройку лідараў па продажы аўтамабіляў у РФ з Беларусі ўвайшлі «Белшынггандальсэрвіс», «Аўтабай Лізінг» і «НМП Лагістык». Яны падзялілі паміж сабой амаль 60% шэрага аўтарынку.

У «Белшынгандальсэрвісу» летась прыбытак вырас у пяць разоў - амаль да $46 млн. Чысты прыбытак павялічыўся ў 24 разы - да $390 000. Бенефіцыярам «Белшынгандальсэрвісу» з'яўляецца беларускі бізнэсовец Уладзімір Сяржановіч. Ён распавёў «Бюро», што падтрымлівае санкцыі, уведзеныя праз уварванне Расеі ва Украіну.

З яго слоў, трэба змагацца з кампаніямі, якія займаюцца пастаўкамі ў Расею тавараў двайнога прызначэння, якія могуць быць выкарыстаныя на вайне. Пры гэтым у пастаўках спажывецкіх тавараў, сказаў ён, няма нічога дрэннага. Ён пацвердзіў, што «Белшынгандальсэрвіс» прадае еўрапейскія грузавікі ў Расею, але не ўважае такія пастаўкі абыходам санкцый.

«Мы не працуем з Еўразвязам. Мы працуем унутры Еўразійскага эканамічнага саюза. Там гэтыя аўто перасоўваюцца вольна, тама няма абмежаванняў. А як яны туды [у ЕАЭС] заехалі, хрэн яго ведае», - сказаў Сяржановіч.

Журналісты праверылі VIN-коды грузавікоў, якія «Белшынгандальсэрвіс» пастаўляў у Расею з Беларусі. Як высветлілася, некаторыя цягачы пабывалі да гэтага ў Літве. Адтуль яны нібыта паехалі ў Казахстан, але ў выніку патрапілі ў Расею.

Прыбытак «Аўтабай Лізінга», якім кіруюць ураджэнец Крыма з беларускім пашпартам Сяргей Лытко, з дапамогай сугучнай расейскай кампаніі «Аўтабай» беларуса Ігара Дзятко, летась перавысіў $14 млн.

У кампаніі «НМП Лагістык», якая з'явілася праз пару месяцаў пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцый, за год прыбытак вырас у 10 разоў - да $7 млн. Дырэктар і адзіны ўладальнік «НМП Лагістык» - ураджэнец Кобрына Глеб Чарнышоў. Адзіны пакупнік грузавікоў «НМП Лагістык» у Расеі кампанія «Пра Аўто». Летась яна паказала рэкордны даход $10 млн і ўпершыню за доўгі час скончыла год з чыстым прыбыткам $300 000.

«Пра Аўта» уваходзіць у «ПП-Холдынг», які звязваюць з буйной нафтавай кампаніяй «Татнафта». Дырэктар і сузаснавальнік «ПП-Холдынгу» Аляксандр Праскурын адказаў журналістам, што не абыходзіць санкцыі, бо іх няма паміж Расеяй і Беларуссю. Ён таксама запэўніў, што не знаёмы з кіраўніцтвам «НМП Лагістык», якая, з яго слоў, ніяк не звязаная з «Пра Аўто».

Аднак кіраўнік «НМП Лагістык» Чарнышоў раней працаваў начальнікам юрыдычнага аддзела «Пра Аўто». Журналістам ён сказаў, што больш не займаецца пастаўкамі еўрапейскіх грузавікоў у Расею, бо «ёсць пэўныя абмежаванні з боку дзяржавы».

Нядрэнныя паказчыкі і ў некаторых ІП. Так, летась Ваўкавыскі прадпрымальнік Арцём Піскуноў прадаў у Расею грузавікі Mercedes-Benz, DAF і IVECO на больш чым на $5,4 млн.

Брэшы ў санкцыях

Усе тры кампаніі са згаданага топа акрамя грузавікоў прадавалі ў Расею і легкавыя аўтамабілі. Як высветлілася з матэрыялаў суда па пазову кампаніі «Аўтабай» супраць расейскай мытні, адбываецца гэта ў тым ліку з дапамогай мноства пасярэднікаў у краінах Еўразвязу.

«Праз увядзенне дзяржавамі ЕЗ санкцый у дачыненні да РФ і яе рэзідэнтаў […] для імпарту транспартных сродкаў на тэрыторыю Расеі ТАА «Аўтабай» супрацоўнічае з пасярэдніцкімі кампаніямі ў Беларусі і ЕЗ», - сказана ў дакументах суда.

Дарэчы, згадвалася дапамога літоўскай кампаніі Skani Siunta, якая набывала аўтамабілі ў Нямеччыне.

У пачатку гэтага года мытныя органы Літвы, Латвіі і Эстоніі дамовіліся ўзмацніць кантроль грузаў на граніцы з Беларуссю і Расеяй, каб прадухіліць пастаўкі тавараў у абыход санкцый. Дзейсным захадам у гэтым кірунку эксперты ўважаюць уніфікацыю абмежаванняў супраць Беларусі і Расеі.

«Усякі санкцыйны захад, прыняты супраць Расеі, павінен быць ужыты і супраць рэжыму Лукашэнкі, бо ўсякая розніца дае магчымасць для з'яўлення шчылін з боку Лукашэнкі, віртуознага кантрабандыста на дзяржаўным узроўні», – сказаў кіраўнік Народнай антыкрызіснай управы Павел Латушка.

На падлікі нарвежскай кансалтынгавай арганізацыі Corisk, ёсць больш за 3000 тавараў, якія нельга экспартаваць у Расею, але можна спакойна прадаць у Беларусь. Сярод іх - пазадарожнікі, якія могуць выкарыстоўвацца ў вайне супраць Украіны.

«Каб экспартны кантроль быў эфектыўны, санкцыі ў дачыненні да Беларусі павінны быць люстраным адлюстраваннем санкцый у дачыненні да Расеі. Сёння беларускі пралом дастаткова вялікі, каб армада грузавікоў, легкавушак і іншых тавараў магла прайсці з Захаду ў Расею і, магчыма, далей на палі бою ва Украіне», – сказаў старшы дарадца Нарвежскага Хельсінскага камітэта Оге Баркгрэвінк.

Паводле звестак Corisk, агулам на Беларусь прыпадае прыкладна траціна ад ценявога экспарту ў Расею - больш за 10 млрд еўраў у 2022-2023 гадах.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках