Reuters: ЗША рыхтуюць пакет дапамогі для Украіны на $1 мільярд
1- 23.04.2024, 20:17
- 3,622
У пакет дапамогі ўвойдуць 155-міліметровыя артылерыйскія боепрыпасы і шмат іншага.
Злучаныя Штаты рыхтуюць пакет ваеннай дапамогі Украіне памерам 1 мільярд даляраў, які будзе вылучаны ў рамках яшчэ не падпісанага законапраекта.
У кароткім выступе на паседжанні Сената лідар дэмакратаў Чак Шумер заклікаў заканадаўцаў прыняць законапраект аб знешняй дапамозе «як мага хутчэй»:
– Прыйшоў час скончыць працу, каб раз і назаўжды дапамагчы нашым сябрам за мяжой. Я прашу сваіх калегаў аб'яднаць намаганні, каб прыняць сёння дадатак як мага хутчэй, скіраваць нашым сябрам дапамогу, якую яны даўно чакаюць. Давайце не будзем замаруджваць гэта і не будзем прымушаць іх чакаць ні хвіліны.
Дэмакрат ад Арызоны Марк Кэлі паскардзіўся, што Кангрэс так доўга адтэрміноўваў галасаванне, якое ў выніку ўхваліў 71% чальцоў:
– Праз затрымкі ўкраінскія байцы адчуваюць вострую нястачу [зброі і боепрыпасаў]. Гэта звязвае рукі іх камандзірам у той самы час, калі Расея актывізуе свае ваенныя дзеянні. Украіна можа перамагчы ў гэтай вайне. Прыняцце гэтага законапраекта дасць магчымасць перадаць ім найбольш усяго, што неабходна для пералому сітуацыі.
Сенатарка-рэспубліканка ад штата Мэн Сьюзан Колінз дадала, што ў сусветнай гісторыі наступіў нестабільны і небяспечны час, і калі Пуціна не спыніць – далей у яго прыцэл патрапяць Малдова, Грузія, краіны Балтыі і Польшча.
– Калі прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну дазволяць дамагчыся поспеху ва Украіне, ён прадоўжыць пераследаваць сваю мэту – узнавіць Савецкі Саюз. Ён не хавае гэтага. Тады нашы войскі будуць задзейнічаныя ў значна больш маштабнай вайне, – сказала яна.