Азаранка ўстанавіла сусветны рэкорд на турніры ў Мадрыдзе
9- 25.04.2024, 19:23
- 10,348
Падрабязнасці.
Вікторыя Азаранка (26-ы нумар сусветнага рэйтынгу) з перамогі стартавала на турніры WTA-1000 у Мадрыдзе.
У 1/32 фіналу беларуска была мацнейшай за немку Таццяну Марыю (№67) у двух сэтах - 6:3, 6:1. Азаранка выканала два эйсы, рэалізавала шэсць брэйк-пойнтаў і дапусціла адну двайную памылку.
У другім коле Вікторыя сустрэнецца з гішпанкай Сарай Сарыбес-Торма, якая займае 55-е месца ў сусветным рэйтынгу.
Беларуская тэнісістка ўстанавіла ўнікальнае дасягненне на турнірах-«тысячніках». Беларуска стала першай спартоўкай, якой удалося атрымаць 200 перамог у спаборніцтвах катэгорыі WTA-1000, пачынаючы з 2009 года.
За ёй у гэтым рэйтынгу ідуць румынка Сімона Халеп (186 перамог), датчанка Каралін Вазняцкі (182), чэшка Пятра Квітава (180) і полька Агнешка Радваньска (175).
На турніры ў Мадрыдзе таксама згуляе другая ракетка свету з Беларусі Арына Сабаленка. У першым матчы яна сустрэнецца з полькай Магдай Лінэт.
Madrid Open - дэбютны ў гэтым сезоне грунтавы турнір для тэнісістаў. Скончацца спаборніцтвы 5 траўня. Прызавы фонд «тысячніка» - блізу 8 млн еўраў.