Зяленскі заклікаў супольнікаў абараняць паветраную прастору Украіны гэтак жа, як Ізраіль
- 25.04.2024, 19:41
- 2,994
Украіна мае патрэбу ў паветраным шчыце.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў хаўруснікаў абараняць паветраную прастору Украіны гэтак жа, як яны абаранілі паветраную прастору Ізраіля падчас нападу Ірана.
Аб гэтым ён сказаў у інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу Fox News.
«Мы ўбачылі рэальны эфект, калі ўсе хаўруснікі аб'ядналіся і абаранялі людзей Ізраіля пасля вялікай масаванай атакі з боку Ірана. І таму, я думаю, калі мы ўсе маем быць шчырымі хаўруснікамі - Украіна і краіны Захаду - тое ж самае павінна выяўляцца і на нашай тэрыторыі. Гэта азначае абараняць нас, даць нам гэты паветраны шчыт, абараняць нашых людзей», - заявіў Зяленскі.
Са слоў прэзідэнта, «Украіна мае патрэбу ў паветраным шчыце, новых тэхналогіях, СПА, сапраўдным аб'ёме СПА, сапраўднай колькасці самалётаў».
«Калі нашы хаўруснікі маюць магчымасць - і ў выпадку з Ізраілем мы гэта ўбачылі - то, калі нашы хаўруснікі маюць такую магчымасць даць нам абарону, закрыць наша неба, то пытанне не «чаму», а «калі», - адзначыў Зяленскі.