Улады Кубы памылкова адправілі мёртвага расейца ў Канаду
5- 27.04.2024, 13:58
- 3,792
Нябожчык канадзец быў лысым, а расеец - з густой шавялюрай.
Улады Кубы пераблыталі трупы і памылкова адправілі мёртвага расейца ў Канаду, піша нямецкае выданне Bild.
68-гадовы Фарадж Джарджур з Канады памёр падчас адпачынку на Кубе. Калі ён купаўся ў моры каля Варадэра, у яго здарыўся інфаркт. Дачка Марыям і сын Карам спрабавалі рэанімаваць бацьку, але беспаспяхова. Хуткая дапамога ехала на пляж 45 хвілін і толькі канстатавала смерць. Затым цела праляжала на шэзлонгу яшчэ восем гадзін.
Толькі праз некалькі тыдняў труп даставілі ў Канаду. Калі родныя адкрылі труну, то ўбачылі там цела мужчыны, які прыкладна на 20 гадоў маладзейшы за Фараджа. Нябожчык быў лысым, а гэты - з густой шавялюрай. Акрамя таго, на целе былі татуіроўкі, якіх ніколі не было ў Джарджура. Выявілася, што на Кубе пераблыталі трупы і падклалі іншае цела. Паводле папярэдніх звестак, гэта расейскі турыст.
Цяпер сям'я Джарджур шукае сапраўднае цела бацькі. У консульстве РФ у Манрэалі заяўляюць, што не могуць ні пацвердзіць, ні зняпраўдзіць, што другі загінулы - грамадзянін Расеі.