10 траўня 2024, Пятніца, 11:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі часу спатрэбіцца чалавеку, каб абысці Марс?

6
Колькі часу спатрэбіцца чалавеку, каб абысці Марс?

Высветліў фізік з ЗША.

Чырвоная планета, на меркаванне шматлікіх даследнікаў, на сёння ўяўляе з сябе адно з найлепшых месцаў для каланізацыі чалавекам. Ілан Маск і NASA плануюць выправіць туды першых людзей ужо ў наступным дзесяцігоддзі. У журналістаў партала Space.com узнікла пытанне: колькі часу трэба астранаўту, каб абысці ўсю планету?

Супрацоўнікі СМІ звярнуліся па адказ да Эрдала Ігіта (Erdal Yigit), дацэнта кафедры фізікі і астраноміі Універсітэта Джорджа Мэйсана (ЗША). Даследнік выказаў здагадку, што калі б астранаўт падарожнічаў па экватары Марса, яму давялося б пераадолець прыкладна 21400 кіламетраў, каб абысці ўсю планету. Падарожжа праз полюсы скароціць гэтую адлегласць прыблізна на 160 кіламетраў, але нізкая тэмпература ўскладніць задачу.

Сярэдняя хуткасць хады чалавека на Зямлі складае блізу пяці кіламетраў за гадзіну, нагадаў Ігіт. Хоць гравітацыя на Марсе прыкладна на 40% ніжэйшая, чым на Зямлі, навуковец мяркуе, што хуткасць хады там не будзе моцна адрознівацца. Але варта браць да ўвагі той факт, што астранаўт будзе несці з сабой харчы (ежу, ваду і кісларод), а таксама цяжкі скафандр.

Калі рухацца па паверхні Чырвонай планеты з хуткасцю пяць кіламетраў за гадзіну, то, каб абысці планету, спатрэбіцца блізу 4290 гадзінаў, або 174 солы (марсіянскія сонечныя суткі). Аднак зразумела, што бесперапынны рух немагчымы: чалавеку патрэбны час, каб спаць, адпачываць і есці, таму толькі васьмігадзінны сон павялічыць даўжыню падарожжа на 56 солаў. Калі астранаўт будзе спыняцца для адпачынку і прыёму ежы на чатыры-пяць гадзінаў кожныя суткі, гэта дадасць да падарожжа яшчэ 30–35 марсіянскіх сутак.

Такім чынам, рэальная ацэнка даўжыні падарожжа складае прыкладна 265 солаў, ці амаль паўгода на Марсе. Праўда, разлікі не бяруць да ўвагі такія перашкоды, як моцная перасечаная мясцовасць: уся Чырвоная планета пакрытая вялікай колькасцю гораў, каньёнаў і кратараў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках