У Беларусь масава заязджаюць Tesla Cybertruck
102- 28.04.2024, 11:10
- 39,010
Першы легендарны пікап ужо з'явіўся ў Гародні.
Мінулай ноччу ў Гародню прывезлі Tesla Cybertruck. Проста з літоўскай мяжы аўтамабіль прыбыў у беларускі горад, дзе яго сустрэў уладальнік, паведамляе autogrodno.by.
Tesla Cybertruck у зялёнай плёнцы сустрэў у Гародні на пляцоўцы ГЦ «OldCity» Аляксей Ерамчук, заснавальнік расейскага шоўрума электрамабіляў - moscowteslaclub.ru.
У сваіх сацыяльных сетках ён упершыню паказаў гэты аўтамабіль у лютым 2024 года, на той момант Tesla Cybertruck знаходзіўся яшчэ ў ЗША.
- Cybertruck набыць цяпер вельмі складана, магчыма, вы чыталі, што амерыканцы падпісваюць дамову, у якой абавязваюцца плаціць штраф 50 тысяч даляраў, калі прададуць гэты аўтамабіль цягам года, па-мойму. Але мы ведаем, як зрабіць так, каб гэтыя аўтамабілі з'явіліся, - тлумачыў на YouTube-канале Аляксей.
І сапраўды, яго Cybertruck ужо прыбыў. На пляцоўцы ГЦ «OldCity» пікап паспяхова зарадзілі ад сеткі «Маланка», пра што Аляксей таксама распавёў у сябе ў Інстаграм-акаўнце.
Тым часам у памежных чатах карыстачы дзеляцца фатаграфіямі іншых Tesla Cybertruck, якія едуць у бок мяжы, альбо ўжо стаяць у чарзе сярод іншых аўтамабіляў.
Ідэі Cybertruck'a прапрацоўваліся ў Tesla сама меней 5 гадоў і ўпершыню пікап паказалі на прэзентацыі ў лістападзе 2019 года. Вытворчасць планавалася пачаць у канцы 2021 года, але затым яе перанеслі на 2022 год, а пасля і на 2023 год.
Выпуск Cybertruck пачаўся ў ліпені 2023 года, а ў лістападзе - першыя пастаўкі.