Ромы ў Тамбоўскай вобласці здалі на металалом найноўшы расейскі беспілотнік
- 29.04.2024, 19:35
- 10,894
Гаворка ідзе пра БПЛА «Арлан-10».
У Тамбоўскай вобласці ромы прывезлі ў пункт прыёму металалому расейскі беспілотнік «Арлан-10». Работнікі выклікалі паліцыю і сапёраў, піша Baza. Праваахоўныя органы высвятляюць, якім чынам робат апынуўся ў ромаў. Пасля даследавання яго адправяць у Маскву.
«Арлан-10» – найноўшы расейскі беспілотнік, распрацаваны пецярбуржскім прадпрыемствам «Спецыяльны тэхналагічны цэнтр» (СТЦ). Дрон прызначаны для выведкі і назірання. Ён можа трансляваць цэлі для паражэння рознымі баявымі машынамі, а таксама выкарыстоўвацца для карэктавання артылерыйскага агню і радыёэлектроннай барацьбы.
У пачатку ўварвання ва Украіну Мінабароны Расеі заяўляла, што «Арлан-10» выкарыстоўваецца на фронце яшчэ і ва ўдарным варыянце. Для гэтага яго абсталёўваюць аскепкава-фугаснымі міні-бомбамі, пераробленымі з боепрыпасаў ВОГ-25 для падствольнага гранатамёта, а затым запускаюць з катапульты.
«Арлан-10» - самы масавы расейскі беспілотнік, які ўжываецца Узброенымі сіламі Расеі. Генеральны канструктар СТЦ Раман Іваноў сцвярджаў, што Украіна спрабуе скапіяваць робат, але такія апараты саступаюць у параўнанні з арыгіналам.