У Турцыі пачаліся масавыя пратэсты пасля гарадскіх выбараў
7- 3.04.2024, 14:08
- 7,830
Турэцкія ўлады анулявалі вынікі выбараў мэра горада Ван.
Турэцкія ўлады забаранілі новаабранаму мэру ад пракурдскай Партыі народнай роўнасці і дэмакратыі (DEM) заняць сваю пасаду. Замест гэтага было абвешчана паўторнае галасаванне ў горадзе Ван. Такія дзеянні абурылі мясцовых, якія выйшлі на пратэсты, піша выданне comments.ua.
Пасля вынікаў галасавання кандыдат ад партыі DEM Абдула Зэйдан атрымаў 55,5% галасоў, у той час як ягоны найбліжэйшы канкурэнт Абдулагата Арваса ад праўладнай партыі Эрдагана змог сабраць 27,2% галасоў падтрымкі.
Нягледзячы на такі вынік, высветлілася, што Міністэрства юстыцыі за пяць хвілін да заканчэння працоўнага дня і два дні да галасавання забараніла этнічнаму курду Абдуле Зэйдану ўдзельнічаць у выбарах.
Такім чынам перамогу на выбарах збіраліся аддаць прадстаўніку праўладнай сілы. Аднак пасля абвясцілі, што будзе праведзенае перагаласаванне, магчыма, паводле якога прадстаўніка курдаў Абдулу Зэйдана адразу не дапусцяць да ўдзелу на выбарах.
"Гэта няправільная пастанова павінна быць неадкладна скасаваная", – адрэагавалі ў партыі DEM.
А былы лідар пракурдскай партыі Селахацін Дэмірташ заклікаў прадэмакратычныя партыі Турцыі выступіць супраць “гэтага незаконнага дзеяння”. У той самы час сябра праўладнай партыі Амэр Чэлік заявіў, што ўрад не ўмешваецца ў выбары, а пастанову прымаў суд.
Праз ануляванне вынікаў выбараў сотні жыхароў горада Ван выйшлі на пратэсты і палілі шыны. Паліцыя супраць іх выкарыстоўвае вадамёты і спрабуе разагнаць пратэстоўцаў.