Незвычайная і экзатычная расліна зацвіла ў Гародні
12- 9.04.2024, 20:23
- 10,100
Дапамагло цёплае надвор'е.
Красавік сёлета стартаваў вельмі актыўна. У апошнія дні на вуліцы стаіць практычна летняе надвор'е. Прырода на гэта адрэагавала: літаральна за пару дзён дрэвы і кусты апранулі яркія ўборы са свежых лісточкаў і далікатных кветак!
Адчуўшы цяпло зацвіла ў Гародні і магнолія! Гэтую рэдкую для нашых шыротаў паўднёвую расліну больш за 10 гадоў таму высадзілі на адным з надзелаў у пасёлку Фабрычным. Пра гэта піша NewGrodno.
«Вядома, першы час яна патрабавала догляду. На зіму яе захутвалі і хавалі, каб не змерзла, увесну і ўвосень угнойвалі, і ўсё ж змаглі прывучыць да нашага клімату», – апавядае гарадзенка Кацярына.
Упершыню зацвіла магнолія на 5–6-ы год. Аднак так шмат кветак, як цяпер, у яе не было ніколі.
Глядзіцца ўсё гэта сапраўды прыгожа. Вялізныя кветкі нагадваюць беласнежных матылькоў, якія прыселі адпачыць на куст. Гаспадары відавочна змогуць зрабіць шмат атмасферных сэлфі.
Дарэчы, у Гародні пакуль магнолій вельмі мала. Але, як паказвае практыка, пры належным доглядзе і гэтая паўднёвая расліна можа цалкам прыжыцца ў нас.
Можна высаджваць, і тады вясна стане яшчэ больш яркай і духмянай!