25 чэрвеня 2024, aўторак, 9:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянерка выпіла снатворнае і 250 г гарэлкі, але замест моцнага сну «замінавала» рынак у Мазыры

9
Пенсіянерка выпіла снатворнае і 250 г гарэлкі, але замест моцнага сну «замінавала» рынак у Мазыры

Што з ёю было далей.

Зімовым пятнічным вечарам напярэдадні старога Новага года ў Мазыры «замінавалі» адзін з асноўных рынкаў. Былі паднятыя ўсе экстранныя службы, але ніякай бомбы на рынку не знайшлося. А вось віноўніца перапалоху знайшлася хутка. Высветлілася, што гэта зусім не хуліганы-падлеткі (як мы звычайна ўяўляем «ілжывых мінёраў»), а пажылая мясцовая жыхарка. Супраць пенсіянеркі пачалі крымінальную справу. «Люстэрка» расказвае, чым яна скончылася.

У той вечар, 12 студзеня 2024 года, Ала (імя выдуманае) была дома. Блізу 21 гадзіны ёй патэлефанаваў сын, і ў іх адбылася складаная размова. Пажылая жанчына вельмі знервавалася і, павесіўшы трубку, выпіла 250 грамаў гарэлкі – паводле ейных словаў, каб супакоіцца. Потым яна надумала легчы спаць і, каб не мучыцца нервовай бессанню, прыняла таблетку запіклону.

Што было пасля прыёму таблеткі, жанчына, паводле ейных словаў, зусім не памятае. Праз некаторы час яна прачнулася ад гучнага груку ва ўваходныя дзверы. Адчыніўшы, Ала ўбачыла міліцыянераў. Тыя пацікавіліся, ці тэлефанавала яна ў хуткую дапамогу на нумар «103», і сказалі, што трэба паехаць з імі.

У аддзяленні супрацоўнікі міліцыі ўключылі жанчыне аўдыязапіс, на якім яна пачула свой голас. Так Ала даведалася, што ў 22.50 патэлефанавала з хатняга тэлефона ў 103 і заявіла: ёй паступіў званок пра падрыхтоўку выбуху на «Славянскім базары» (маецца на ўвазе рынак «Славянскі») і трэба дзейнічаць як мага хутчэй.

Медыкі адразу ж перадалі інфармацыю ў міліцыю. Як звычайна адбываецца ў такіх сітуацыях, экстранным службам давялося правяраць інфармацыю і ўжываць захады для недапушчэння выбуху на рынку.

У дачыненні да пенсіянеркі распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 340 КК аб заведама фальшывым паведамленні пра небяспеку. Дома правялі ператрус – знайшлі бутэльку ад гарэлкі «Егер» аб'ёмам 350 мл і ўпакоўку снатворных таблетак.

Рукі памяталі нумар

Але прызначылі псіхолага-псіхіятрычную экспертызу. Спецыялісты прыйшлі да высновы, што яна пакутуе на хранічны алкагалізм, але цалкам свядомая.

«Спасылкі на забыццё здарэння носяць характар алкагольных палімпсестаў (правалаў у памяці. – Заўв. рэд.), што не пазбаўляла яе здольнасці ўсведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі», – адзначыў у сваёй выснове эксперт.

На судзе жанчына прызнала сваю віну і патлумачыла, што ў той вечар ніякіх званкоў аб бомбах не атрымлівала, размаўляла толькі з сынам і толькі пра сямейныя справы. Ала сказала, што не памятае, як гэта адбылося, але ўсведамляе, што яе званок у хуткую быў ілжывым паведамленнем. Алкаголь і снатворнае згулялі злы жарт, канстатавала яна. І дадала, што патэлефанавала ў 103, хутчэй за ўсё, таму, што ёй часта даводзіцца звяртацца на гэты нумар.

У выніку Алу прызналі вінаватай у злачынстве і асудзілі да штрафу памерам 70 базавых велічыняў. Таксама яе абавязалі прайсці прымусовае амбулаторнае лекаванне ад алкагалізму.

Дарэчы, быў вызначаны і лёс рэчавых доказаў. Бутэльку з-пад гарэлкі суд пастанавіў знішчыць, а вось пачак снатворнага вярнулі гаспадыні.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках