Баец УСУ: Расейскае войска накрыла хваля дзікіх самагубстваў
6- 16.05.2024, 10:30
- 11,742
Украінскі дэсантнік расказаў аб сітуацыі на Ліманскім кірунку.
Вайскоўцы РФ, якіх камандаванне сагнала на Ліманскі кірунак, часта ўчыняюць самагубствы.
Яны разумеюць, што іх у кожным выпадку чакае смерць, бо за спробу ўцячы расстраляюць свае ж.
Запалоханыя пуцінскія салдаты ідуць штурмаваць украінскія пазіцыі і зноў жа становяцца "грузам 200". Пра гэта распавёў баец 95-й асобнай дэсантна-штурмавой Палескай брыгады УСУ Станіслаў, перадае “Суспільне”.
Паводле ягоны слоў, расейскія войскі актыўна атакуюць пазіцыі Сіл абароны на Ліманскім кірунку ўжо больш за месяц. У бой іх камандаванне пасылае групы пяхоты, загадваючы ні пры якіх умовах не вяртацца назад.
Менавіта таму на полі бою фіксуюць выпадкі самагубстваў сярод параненых салдат УС РФ, якім удалося выжыць у штурмах. Баец Станіслаў кажа, што абаронцы бачылі вельмі дзікія выпадкі самагубстваў.
“Ім забараняюць вяртацца назад і гэта бачна з іх паводзін. Параненыя, нават не вельмі цяжкія, якія маглі б адступіць, яны выбіраюць застрэліцца ці падарваць гранату. Або нават дзікія выпадкі, калі нажамі сябе забівалі”, - успомніў ён.
Вайсковец кажа: акупанты запалоханыя, што іх расстраляюць свае ж. Украінская выведка гэта пацвярджае, адзначаючы, што ў шэрагах войска РФ увесь час здараюцца пазасудовыя пакаранні смерцю: расейскіх штурмавікоў, якія адступілі, расстрэльваюць цэлымі групамі.
У той жа час, дадаў Станіслаў, жывой сілы ў ворага дастаткова. Таму УСУ, каб эфектыўна стрымліваць наступ расейцаў, трэба больш артылерыі і набояў.
“Усё гэта вельмі неабходна ў вялікай колькасці. А таксама беспілотнікі: і “мавікі”, ударныя БПЛА тыпу FPV, і бамберы, таму што зараз на іх трымаецца фронт”, - прызнаў баец.