Хаві заявіў, што нічога не ведае пра звальненне з «Барселоны»
1- 17.05.2024, 21:28
- 1,808
Раней паведамлялася, што прэзідэнт каталонцаў пастанавіў развітацца з галоўным трэнерам.
Галоўны трэнер «Барселоны» Хаві заявіў, што ён не ў курсе наконт пастановы кіраўніцтва клуба пра ягоную адстаўку ў канцы сезону. Пра гэта піша AS.
Раней 17 траўня AS і Sport.es паведамілі, што прэзідэнт каталонскага клуба Жаан Лапорта прыняў пастанову расстацца з Хаві.
«Я нічога пра гэта не ведаю», – сказаў Хаві, прыехаўшы ў «Сіўтат Эспартыва», спартовы комплекс «Барселоны».
AS адзначае, што Хаві выказаў абсалютнае здзіўленне з нагоды гэтых навінаў, паколькі ў апошнім паведамленні ад Лапорты той толькі павіншаваў яго з перамогай над «Альмерыяй» 16 траўня. Цяпер трэнер збіраецца сустрэцца з прэзідэнтам клуба, каб высветліць сітуацыю.
Хаві ў верасні летась прадоўжыў кантракт да лета 2025-га, а ў канцы студзеня паведаміў, што пакіне каманду ў канцы сезону. Аднак «Барселона» 25 красавіка абвясціла, што Хаві застаецца.
Трэнер узначальвае «Барселону» з 2021 года і ў мінулым сезоне прывёў яе да чэмпіёнства і перамогі ў Суперкубку. У гэтым сезоне перамогу ў чэмпіянаце ўжо датэрмінова забяспечыў сабе «Рэал», каталонцы размяшчаюцца на другім месцы.