27 лiпеня 2024, Субота, 15:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мазырскі НПЗ пачаў пастаўляць у Расею авіяцыйнае паліва

18
Мазырскі НПЗ пачаў пастаўляць у Расею авіяцыйнае паліва

Беларускія чыгуначнікі раскрылі падрабязнасці.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ) нарасціў аб'ёмы вытворчасці авіяцыйнага рэактыўнага паліва і яго пастаўкі ў Расею. Яно ідзе ў тым ліку на вайсковы аэрадром. Пра гэта паведаміла «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».

Са звестак чыгуначнікаў, «фактычна з нуля» выраслі аб'ёмы экспартных перавозак наліўных саставаў з авіяцыйным рэактыўным палівам са станцыі Барбароў, якая размешчаня ў Мазыры вельмі блізка да мясцовага НПЗ, у Расею.

Канчатковымі пунктамі прыбыцця грузаў указаны паліўныя сховішчы аэрапортаў Масквы, Санкт-Пецярбурга, Курска і Петразаводска.

Як паведамляецца, таксама гэтае паліва дастаўляюць на нафтапрадуктаперапампоўваючую станцыю «Шылава-3» у Шылаўскім раёне Разанскай вобласці — для перапампоўкі ў кірунку Маскоўскага авіяцыйнага вузла (МАУ) — гэта аэрапорты Масквы і Маскоўскай вобласці.

Пры гэтым, як адзначаюць беларускія чыгуначнікі, аэрадром у Курску зараз выкарыстоўваюць толькі пад вайсковую авіяцыю, а цывільную перасталі прымаць пасля пачатку вайны ва Украіне. Гэтая пляцоўка падвяргаецца нападам дронаў. Раней паведамлялася, што на аэрадроме ў Курску базавалася тактычная авіяцыя РФ.

Звычайна прадпрыемства вырабляе аўтамабільнае і дызельнае паліва, а таксама пячное для бытавых патрэб і паліўны мазут, вынікае са звестак сайта завода. Аднак у канцы мінулага года гэты завод размясціў закупку "паслуг для распрацоўкі тэхналогіі вытворчасці паліва маркі РТ і тэхнічнага суправаджэння на этапах яго пастаноўкі на прамысловую вытворчасць і выпуск у абарачэнне". Як заўважыла тады выданне "Флагшток", гэта азначае распрацоўку тэхналогіі вытворчасці авіяцыйнага паліва для газатурбінных рухавікоў (маркі Джэт А-1) і для рэактыўных рухавікоў маркі РТ.

Між тым, як адзначаюць чыгуначнікі, два беларускія НПЗ (акрамя размешчанага ў Мазыры гэта таксама "Нафтан") пры цяперашняй загрузцы магутнасцей патэнцыйна могуць вырабляць за дзень 800-1000 тон рэактыўнага паліва (прыкладна пароўну для кожнай з вытворчасцей). Пры гэтым "працэс пераходу на вытворчасць рэактыўнага паліва замест дызельнага і адпаведная змена параметраў тэхналагічнага рэжыму займае працяглы час".

Нагадаем, нафтаперапрацоўчыя заводы ў Расеі рэгулярна зазнаюць атакі БПЛА.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках