З 1 чэрвеня паднімуць тарыфы на электрычнасць, ацяпленне і падагрэў вады
12- 18.05.2024, 18:55
- 5,846
Лукашысты да гэтага часу заяўляюць, што беларусы пакрываюць толькі 80,5% кошту камунальных паслуг.
Чыноўнікі з году ў год настойваюць на тым, што беларусы нібыта недаплачваюць за камунальныя паслугі. На гэтым фоне яны кожны год паднімаюць тарыфы на ЖКП. Чарговае павышэнне запланаванае на 1 чэрвеня. «Люстэрка» паглядзела, якія ЖКП найбольш актыўна падаражэлі за апошнія пяць гадоў.
АЭС не дапамагла знізіць кошт электраэнэргіі
Чыноўнікі заяўляюць, што сёлета беларусы пакрываюць 80,5% ад кошту камунальных паслуг. Астатняе, паводле іхніх словаў, субсідуе дзяржава. Аднак тут важна браць да ўвагі перакрыжаванае субсідаванне. У той час як фізічным асобам выстаўляюць камунальныя рахункі паводле льготных тарыфаў, арганізацыі і прадпрыемствы плацяць за ЖКП паводле павышаных. У выніку атрымліваецца, што бізнэс аплачвае за насельніцтва частку кошту ЖКП.
Тым не менш кошты камунальных паслуг, якія поўнасцю кантралююцца дзяржавай, растуць больш актыўна, чым многія іншыя. Напрыклад, месячны кошт гарачай вады для насельніцтва за год павялічыўся ў сярэднім на 13,2 адсотка. Гэта параўнанне коштаў у Белстаце ў першым квартале 2024-га да студзеня – сакавіка 2023-га. Ацяпленне за гэты ж перыяд падаражэла на 11,6%. У той самы час інфляцыя за такі самы прамежак часу склала ў сярэднім 5,6%.
Як змяніліся тарыфы за апошнія пяць гадоў?
Калі паглядзець, як выраслі кошты за апошнія пяць гадоў, то скок істотны. Так, ацяпленне для насельніцтва ў першым квартале 2024 года было на 37 адсоткаў даражэйшае, чым за той самы перыяд 2019-га. Між тым чыноўнікі заяўляюць, што насельніцтва аплачвае гэтую паслугу толькі на 20% яе рэальнага кошту.
Сярэдні кошт гарачай вады за месяц для беларусаў вырас на 52,5%. Электраэнэргія падаражэла на 51,5 адсотка. І гэта пры тым, што якраз у гэты перыяд сістэма краіны пачала атрымліваць электраэнэргію ад БелАЭС, пасля запуску якой абяцалі танную электраэнэргію.
За гэтыя ж пяць гадоў газ, які паступае ў кватэры, вырас у кошце на 43%, а рэалізаваны ў балонах – на 40%.