27 лiпеня 2024, Субота, 2:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі пачалі арышты актываў найбуйнейшых еўрапейскіх банкаў

12
У Расеі пачалі арышты актываў найбуйнейшых еўрапейскіх банкаў

Еўропа адкажа тым самым?

Расейскія ўлады запусцілі шэраг арыштаў маёмасці «дачок» еўрапейскіх банкаў, якія прадаўжалі працаваць у Расеі пасля пачатку вайны з Украінай.

У пятніцу, 17 траўня, арбітражны суд Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці арыштаваў актывы ЮніКрэдыт Банка – даччынай структуры найбуйнейшай у Італіі банкаўскай групы Unicredit.

У банка, які з'яўляецца адной з найстарэйшых камерцыйных арганізацый у краіне і належыць італьянскім акцыянерам з 2005 года, былі арыштаваныя каштоўныя паперы, нерухомасць і рахункі на 462,7 млн еўраў.

У суботу, 18 траўня, аналагічныя захады суд увёў у дачыненні да двух нямецкіх банкаў – Deutsche Bank (найбуйнейшы ў Еўропе) і Commerzbank (чацвёрты ў памеры актываў у Нямеччыне).

У Deutsche суд арыштаваў 100% дзеляў у статутным капітале расейскай «дачкі» («Дойчэ Банк»), а таксама ў ТАА «Тэхналагічны цэнтр Дойчэ Банка». Акрамя таго, пад арыштам рахункі, каштоўныя паперы і нерухомая маёмасць памерам у межах 238,6 млн.

Памер арыштаванай маёмасці Commerzbank складае 93,7 млн еўраў. Забяспечальныя захады накладзеныя на 100% ягонай дзелі ў расейскай «дачкі» (Камерцбанк (Еўразія), а таксама каштоўныя паперы і грашовыя сродкі.

Усе тры арышты зроблены на пазоў «Русхімальянса» – «даччынай» структуры «Газпрама», якая з'яўляецца аператаркай будаўніцтва газахімічнага комплексу ва Усць-Лузе. Кампанія абвінавачвае еўрапейскія крэдытныя арганізацыі ў невыкананні банкаўскіх гарантый у праекце, які быў задуманы як адзін з найбуйнейшых у свеце і павінен быў перапрацоўваць 45 млрд кубаметраў газу штогод.

Для ягонай рэалізацыі «Русхімальянс» заключыў кантракт з нямецкім канцэрнам Linde, які павінен быў заняцца праектаваннем і будаўніцтвам комплексу коштам $40 млрд. Расейская кампанія пералічыла аванс, але пасля пачатку вайны працы былі спыненыя, а вярнуць грошы перашкодзілі санкцыі. Linde паступіла «не па-партнёрску», скардзіўся ў жніўні летась губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка. Ён прызнаў, што запусціць комплекс у тэрмін не атрымаецца: замест 2024 года пачатак працы зрушваецца як мінімум на два гады.

«Русхімальянс» падаў пазоў, вынікам якога стаў арышт маёмасці аднаго з найбуйнейшых банкаў у Расеі: «ЮніКрэдыт» уваходзіць у топ-20 у РФ у памеры актываў і ўключаны Цэнтрабанкам у пералік сістэмна значных.

Банк абвясціў пра планы скараціць расейскі бізнэс неўзабаве пасля расейскага ўварвання ва Украіну. Тым не менш паводле вынікаў мінулага года расейская «дачка» прынесла UniCredit 890 млн еўраў, або амаль 8% усяго дападатковага прыбытку.

Commerzbank скараціў расейскія актывы ў 5 разоў за два гады, але на пачатак 2024-га па-ранейшаму меў блізу 400 млн еўраў у РФ. Гэтыя сродкі ўключаюць інвестыцыі ў каштоўныя паперы, крэдыты, а таксама гатоўку на рахунках у ЦБ РФ.

Deutsche Bank скараціў колькасць сваіх супрацоўнікаў у Расеі, у асноўным у выніку закрыцця IT-хабу, але пры гэтым ягоны прыбытак на расейскім рынку ў 2023 годзе быў вышэйшы, чым у 2021 годзе.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках