Улады абяцалі зніжэнне коштаў за электраэнэргію, але нешта пайшло не так
14- 19.05.2024, 20:52
- 11,484
БелАЭС не дапамагла.
Сярэдняя цана на электраэнэргію (у разліку за 100 кВт.гадз) у Беларусі ў першым квартале 2024 года склала 25,11 рубля – на 4,1% больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га (24,12), сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту.
Беларускія ўлады і прапаганда з моманту ідэі будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы (Гарадзенская вобласць) і ў наступныя гады запэўнівалі, што ўзвядзенне АЭС вельмі выгаднае для жыхароў Беларусі.
У 2018 годзе намесніца міністра энэргетыкі Вольга Пруднікава адзначала, што «з пункту гледжання ўспрымання як рэальным сектарам эканомікі, так і насельніцтвам тарыфы пасля ўводу атамнай станцыі не павінны павялічыцца».
«Спецыялісты ўжо падлічылі, наколькі знізіцца сабекошт выпрацоўкі электраэнэргіі ў цэлым па краіне з уводам атамнай станцыі. Цяпер вызначаецца, якім чынам будуць зніжаныя тарыфы для рэальнага сектара эканомікі», – заяўляў у тым жа годзе Міхаіл Міхадзюк, які таксама займаў тады пасаду намесніка міністра энэргетыкі.
Збудаванне Беларускай АЭС завяршылася восенню 2023 года. Першы энэргаблок сілкуе энэргасістэму краіны з 3 лістапада 2020 года, другі – з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна. Як сцвярджаюць улады, станцыя пакрывае 40% патрэбнасці Беларусі ў электраэнэргіі.