27 лiпеня 2024, Субота, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

РФ пастанавіла зрушыць мяжу з Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры

35
РФ пастанавіла зрушыць мяжу з Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры

У аднабаковым парадку.

Расейскія ўлады прынялі пастанову ў аднабаковым парадку змяніць марскія межы краіны з Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры, вынікае з праекту пастановы ўраду РФ, апублікаванага на партале прававых актаў.

Згодна з дакументам, які падрыхтавала Мінабароны, Расея мае намер абвясціць сваімі ўнутранымі марскімі водамі частку акваторыі на ўсходзе Фінскага заліва, а таксама каля гарадоў Балтыйск і Зеленаградск у Калінінградскай вобласці.

Для гэтага будуць змененыя геаграфічныя каардынаты пунктаў, якія вызначаюць становішча зыходных ліній, ад якіх адмяраецца шырыня тэрытарыяльнага мора РФ, а таксама прылеглай зоны ля ўзбярэжжа і астравоў.

На мяжы з Фінляндыяй урад РФ мае намер скарэктаваць каардынаты ў зоне астравоў Яхі, Сомерс, Галанд, Родшэр, Малы Цютэрс, Вігунд, а таксама каля паўночнага ўваходнага мыса ракі Нарва, вынікае з дадатку да пастанаўлення кабміна. На мяжы з Літвой пад перагляд патрапіла зона Куршскай касы ў Гданьскім заліве, раёны мыса Таран, мыса на поўдзень ад мыса Таран, а таксама Балтыйскай касы.

Дзейныя геаграфічныя каардынаты, устаноўленыя пастанаўленнем Саўміна СССР ад 1985 года, «не ў поўнай меры адпавядаюць сучаснаму геаграфічнаму становішчу», сцвярджаюць аўтары праекта. Кропкі былі зафіксаваныя «паводле марскіх навігацыйных мапаў дробнага маштабу», якія, у сваю чаргу, заснаваныя на працах сярэдзіны XX стагоддзя, а гэта «не дазваляе вызначыць знешнюю мяжу ўнутраных марскіх водаў» РФ, гаворыцца ў дакуменце.

У выніку зменаў «будзе ўсталяваная адсутная раней сістэма прамых зыходных ліній на паўднёвай частцы расейскіх астравоў ва ўсходняй частцы Фінскага заліва, а таксама ў раёне г. Балтыйск і г. Зеленаградск, якая дазваляе выкарыстоўваць адпаведную акваторыю як унутраныя марскія воды Расейскай Федэрацыі; зменіцца праходжанне Дзяржаўнай мяжы Расейскай Федэрацыі на моры ў сувязі са змяненнем становішча знешняй мяжы тэрытарыяльнага мора», тлумачаць аўтары праекту.

Пастанову Саўміна СССР 40-гадовай даўніны, якая рэгулюе межы на Балтыцы, Мінабароны прапануе часткова «прызнаць не дзейнай» (раздзел «Балтыйскае мора»).

Дакумент аб пераглядзе мяжы, які пакуль афіцыйна не каментавалі МЗС Фінляндыі і Літвы, быў прапанаваны на грамадскае абмеркаванне практычна адначасова з пачаткам вучэнняў у выкарыстанні тактычнай ядзернай зброі. Расейскае Мінабароны абвясціла, што яны стартавалі ў Паўднёвай ваеннай акрузе з удзелам комплексаў «Іскандэр» і авіяцыі, узброенай ракетамі «Кінжал». Мэта вучэнняў – падрыхтаваць асабісты склад да выкарыстання нестратэгічнай ЯЗ, а таксама адказаць «на правакацыйныя заявы і пагрозы некаторых заходніх афіцыйных асобаў», заявіла прэс-служба ўстановы.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках