З Польшчы на радзіму дэпартавалі 23-гадовага беларуса
9- 21.05.2024, 20:26
- 12,706
Ён перавозіў нелегальных мігрантаў.
Грамадзяніна Беларусі затрымалі пры перавозцы мігрантаў на нямецка-польскай мяжы. Яго дэпартавалі, паведамляе Памежная служба Польшчы.
19 траўня супольны польска-нямецкі патруль памежнікаў спыніў ля мяжы з Нямеччынай зарэгістраваны ў Польшчы Opel, за стырном якога знаходзіўся 23-гадовы беларус.
Супрацоўнікі памежнай службы заўважылі, як з аўто выбеглі некалькі мужчынаў. Аператыўнікі затрымалі на польскім баку грамадзяніна Афганістана, а на тэрыторыі Нямеччыны – яшчэ пяцярых. Дакументаў, якія пацвярджалі б законнасць знаходжання ў Польшчы, у іх не было.
Беларуса затрымалі за дапамогу нелегальнай міграцыі. Ён прызнаў сябе вінаватым і скарыстаўся правам добраахвотна адбыць пакаранне ў выглядзе 10 месяцаў пазбаўлення волі ўмоўна з адтэрміноўкай выканання на два гады. Таксама ў дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу і ў выніку дэпартавалі: даставілі на мяжу і перадалі беларускім памежнікам.