27 лiпеня 2024, Субота, 2:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі адна таблетка не дапамагае, выпіце пяць»

31
«Калі адна таблетка не дапамагае, выпіце пяць»

Беларус расказаў пра паход да «высокакваліфікаванага» неўрапатолага.

Чытач сайта Charter97.org расказаў, як выглядае паход у паліклініку ва ўмовах дэфіцыту медыцынскіх кадраў у Беларусі. Як высветлілася, даводзіцца звяртацца да народных метадаў лячэння:

- Старасць не радасць! Cтаў я нешта кепска спаць, цяжка засынаю, шмат разоў прачынаюся, яно і не дзіва. Кожны ведае, якая цяпер у нас напружаная атмасфера, піша наш чытач з раённага цэнтру.

Параілі мне суседзі папіць фенібут, маўляў, станеш лепш спаць. І праўда, на пэўным час меў я палёгку, радаваўся, што лёгка засынаю і прачынаюся. Адным словам, сплю салодка. Але неяк жыццё нашае беларускае ідзе ў такім кірунку… Што ні дзень, то новыя арышты, затрыманні. Адным словам, ізноў разладзіўся мой сон.

Думаю, схаджу на неўрапатолага, можа, ён мне што параіць. Прыехаў да нас малады спецыяліст, першы год працуе. Малады хлопец, адукаваны, разважыў я ды пайшоў. Узяць талон (самі ведаеце як), адстаяў чаргу, пасля давялося пачакаць прызначанай даты. Але гэта ж усё дзеля свайго здароўя.

У чаканні прыёму таксама давялося пасядзець больш за гадзіну, бо ўсё ідуць і ідуць “я толькі спытаць”. Расказаў я лекару пра сваю бяду, пра фенібут, а ён мне і кажа: “Калі адна таблетка не дапамагае, выпіце 5!” І больш ніякіх лекаў не прапанаваў. Выйшаў я разгублены. І сам сабе разважаю, ці гэта жарт, ці гэта сур’ёзна мне так параіў піць, або гэта такі “высокакваліфікаваны спецыяліст”.

Залез у інтэрнэт, пашукаў народных сродкаў для лепшага сну, так і жыву. Балазе, на працу не трэба, то як ноч не спаў, то ўдзень спрабую прылегчы ды падрамаць.

А праблема лекараў у раённых цэнтрах стаіць надзвычай востра. І тут пытанне не проста ў чалавека-адзінках. Бо пасядзець у кабінеце і я магу. А праблема ў спецыялістах, да якіх можна прыйсці і атрымаць лячэнне, а не параду.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках