27 лiпеня 2024, Субота, 2:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэйдарскі захоп зямлі ў Менску?

3
Рэйдарскі захоп зямлі ў Менску?

У сталіцы ўсё часцей сталі з'яўляцца дарожныя дзіўныя знакі.

Каб разабрацца ў дарожным становішчы, паводле ПДР, кіроўца павінен арыентавацца на дарожныя знакі, разметку, таблічкі і ўсё тое, што завецца сродкамі забеспячэння дарожнага руху. Кіроўцы абавязаныя прытрымлівацца іх прызначэння. Але ёсць гісторыі, якія з сутнасці правілаў выпадаюць.

Наш чытач даслаў на адрас рэдакцыі abw.by фота з каментаром: «У мяне ў раёне суседзі паставілі вось такі знак у тупіковым заездзе. Тэрыторыя жылога комплексу, але не думаю, што яны выкупілі зямлю ва ўласнасць, ды і знак «Стоп» даволі дзіўна глядзіцца. Наколькі законнае ўсталяванне такіх знакаў, хто надзелены правам іх усталявання і што пагражае асобам, якія ўсталявалі знакі, калі гэта не было ўзгодненае?»

Журналісты наважылі адказаць на пытанне. Пры гэтым выдзелілі некалькі асноўных момантаў.

Дарожны знак

Знак STOP (2.5 ПДР, параграф 2, знакі прыярытэту) кажа аб тым, што забараняецца рух без прыпынку перад знакам 5.33 (стоп-лінія дарожнай разметкі) і пры яго адсутнасці - перад краем праезнай часткі, якая перасякаецца.

І тут першая нестыкоўка: стоп-лініі тут няма, скрыжавання праезнай часткі таксама няма - гэта проста ўезд у тупіковы двор. Забарон па спыненні або стаянцы транспартных сродкаў гэты знак не накладае.

Таблічка і яе прызначэнне

Змест таблічкі сведчыць аб тым, што паркоўка ў гэтай зоне толькі для жыхароў дома па вул. Мястроўскай у Менску, уезд забаронены, працуе эвакуатар, бо гэта прыватная тэрыторыя. Проста аж страшна!

Як выглядае знак «Уезд забаронены» ці «Паркоўка забароненая», ведае кожны кіроўца, але такіх знакаў на фота мы не бачым. Акрамя гэтага, паводле п.34 (параграф 7), знакі дадатковай інфармацыі (таблічкі) толькі ўдакладняюць ці абмяжоўваюць дзеянне іншых дарожных знакаў. Але асноўны знак STOP ніякага дачынення да зместу тэксту таблічкі не мае, у дачыненні да паркоўкі ці магчымасці ўезду на гэтую тэрыторыю. Проста трэш нейкі.

І галоўнае - у ПДР вы не знойдзеце таблічкі, якія змяшчаюць тэкст «Акрамя ...», «Староннім уезд забаронены», «Толькі для...», «Вядзецца відэаназіранне», «Прыватная тэрыторыя». А раз у ПДР такіх знакаў (таблічак) няма, то і ў рэальнасці іх быць таксама не павінна.

Што ў выніку?

Змест знака STOP не змяшчае забароны на ўезд, паркоўку ці стаянку/спыненне транспартнага сродку. Яно супярэчыць ПДР, такога знака (таблічкі), дакладней з такім зместам, згодна з правіламі, няма. Так, з дазволу ДАІ на дарогах можна выкарыстоўваць таблічкі, якія маюць кароткі надпіс з адназначным тлумачэннем (п.36), але таблічкі не павінны супярэчыць самім правілам.

Пытанне па «прыватнай тэрыторыі жыхароў дома» таксама адкрытае. З якога часу тэрыторыя каля вышыннай жылой забудовы ў Менску стала прыватнай? Ці, атрымліваючы ключы ад кватэры ў шматкватэрным жылым доме, уладальнік жылля атрымлівае ва ўласнасць і сталічны зямельны надзел каля яго? Ці ведаюць пра гэта чыноўнікі ў Менгарвыканкаме? Звяртаемся менавіта да іх, і да ДАІ таксама.

Як вынікае з закона аб дарожным руху, усе кіроўцы абавязаныя прытрымлівацца правілаў дарожнага руху. Дадатковая таблічка толькі «ўдакладняе або абмяжоўвае дзеянне іншых знакаў», але не робіць выняткаў з правілаў для пэўных катэгорый кіроўцаў, пагатоў па іх прыналежнасці да пэўнага месца пражывання. Ці аднаму кіроўцу выконваць ПДР трэба, а для іншага ёсць выключэнні па тэрытарыяльнай прыкмеце? Уяўляеце сабе дарожны знак з таблічкай «Акрамя жыхароў горада Менска»? Гэта супярэчыць самім правілам.

Журналісты мяркуюць, што дарожны знак і таблічка да яго на ўездзе да жылога дома на вул. Мястроўскай у Менску - усталяваныя незаконна, без узгаднення з ДАІ і мясцовымі органамі ўлады і кіравання і не адпавядае заканадаўству. Ці гэта не так?

PS: Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял, замест знака STOP гора-рэйдэры ўсталявалі іншы: зараз там красуецца знак «Рух забаронены». Але пытанне па законнасці ўсталявання абмежавання і «прыватнай тэрыторыі» застаецца адкрытым.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках