У расейскім урадзе заявілі аб «немагчымасці» абараніць ад дронаў НПЗ
7- 22.05.2024, 17:31
- 7,018

РФ марнуе вялізныя грошы на сродкі абароны ад БПЛА.
Расейскія ўлады не могуць цалкам абараніць прадпрыемствы паліўна-энэргетычнага комплексу (ПЭК) ад нападаў украінскіх беспілотнікаў, заявіў віцэ-прэм'ер РФ Аляксандр Новак.
«Ёсць адпаведнае заканадаўства аб бяспецы аб'ектаў ПЭК, у рамках якога праводзяцца ахоўныя захады бяспекі. І вядома, на 100% выключыць [атакі] немагчыма, часам здараюцца тыя сітуацыі, якія былі», - сказаў Новак у інтэрв'ю карэспандэнту ВГТРК Паўлу Зарубіну.
Нягледзячы на гэта, з яго слоў, расейскія энэргетычныя аб'екты хутка аднаўляюцца пасля нападаў, а ўлады і кампаніі ўдасканальваюць «розныя механізмы, тэхналогіі абароны» ад дронаў. «Гэтая праца ідзе ў сталым рэжыме», – падкрэсліў Новак.
За апошні год найбуйнейшыя энэргетычныя кампаніі Расеі выдаткавалі не менш за 1 млрд рас. руб на закуп сродкаў процідзеяння беспілотнікам, падлічылі «Важные истории» на аснове тэндэраў «Раснафты», «Лукойла», «Башнафты», Слаўнафты» і «Транснафты».
Аднак антыдронавыя стрэльбы, стацыянарныя сістэмы радыёэлектроннага выяўлення і падаўлення беспілотнікаў, а таксама нацягнутыя сеткі, якія павінны затрымліваць лятаючыя аб'екты, не дапамаглі засцерагчы НПЗ.