27 лiпеня 2024, Субота, 3:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі адраджаюць карную псіхіятрыю

16
У Расеі адраджаюць карную псіхіятрыю

Больш за 30 фігурантаў палітычных спраў накіравалі на прымусовае лячэнне.

Расейскія суды за апошнія паўтара года накіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне як мінімум 33 фігурантаў палітычных спраў, падлічыла «Агентство». І хаця такая практыка яшчэ не дасягнула савецкіх маштабаў, статыстыку па ёй суцяшальнай назваць нельга: летась частата такіх пастаноў павялічылася ў пяць разоў у параўнанні з сярэднім паказчыкам 2021 і 2022 гадоў.

Усяго за перыяд з 2013 года на прымусовае лячэнне іншадумцаў адпраўлялі 55 разоў. Да 2020-га — гэта было не больш за тры чалавекі на год, у 2021-м лічба ўзрасла да сямі, але ў 2022 годзе зноў апусцілася да трох. Летась, аднак, паказчык імкліва падняўся - да 25, а за першыя чатыры з паловай месяцы гэтага года суды ў Расеі вынеслі не менш за восем такіх выракаў.

Рэальная лічба такіх выпадкаў можа быць вышэйшай, мяркуе сябра таварыства «Мемарыял» Аляксей Макараў. Праваабаронца таксама нагадвае, што ў познім СССР палітычных зняволеных амаль заўсёды адпраўлялі ў спецыяльныя псіхіятрычныя лякарні, якія знаходзіліся ў распараджэнні МУС. Цяпер, нягледзячы на пашырэнне выкарыстання практыкі прымусовага лячэння, яна пакуль не дасягнула савецкіх маштабаў, дадае ён: «У сярэдзіне 1970-х гадоў прыкладна кожны шосты асуджаны за антысавецкую агітацыю або за распаўсюджванне загадзя паклёпніцкіх выдумак трапляў на прымусовае лячэнне».

На мінулым тыдні Ленінскі раённы суд Ніжняга Ноўгарада адправіў мясцовага жыхара Аляксея Вольскага на прымусовае лячэнне паводле справы аб «фэйках» пра войска. У лістападзе мінулага года аналагічная пастанова была прынятая ў дачыненні да жыхаркі Санкт-Пецярбурга Вікторыі Пятровай, таксама абвінавачанай у «фэйках». У кастрычніку 2023-га суд прызначыў прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ніжагародцу Аляксею Аношкіну - яго абвінавацілі ў «фэйках» і «закліках да тэрарызму» за допісы і каментары ў VK.

Карную псіхіятрыю летась таксама зазналі дэпутат саратаўскага сяла Хаперскага Алег Няпеін - за паведамленні ў рэгіянальным чаце аб забойствах расейскім войскам жыхароў Марыупаля і Бучы; экаактывіст і зоаабаронца Аляксандр Бахцін - таксама за паведамленні аб гібелі мірных украінцаў; жыхарка Уладзікаўказа Тэона Келехсаева - за паўторную «дыскрэдытацыю» расейскага войска ў допісах у VK і Instagram.

Жыхара Цвярской вобласці Сяргея Коліна адправілі на прымусовае лячэнне ў красавіку 2023-га за тое, што ён у перапісцы з «неўстаноўленымі асобамі» нібыта пагадзіўся ўступіць у легіён «Свабода Расіі» і выказваў «негатыўнае стаўленне да кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі і органаў улады».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках