Расейскія памежнікі дэмантавалі лінію дэмаркацыі на рачной мяжы з Эстоніяй
27- 23.05.2024, 20:32
- 21,750
Расейцы прыбралі буі, устаноўленыя эстонскай памежнай службай.
Расейскія памежнікі прыбралі 24 з 50 буяў, усталяваных супрацоўнікамі памежнай службы Эстоніі для абазначэння тэрытарыяльных водаў балтыйскай краіны на рацэ Нарва, піша Bloomberg.
«Мы падыдзем да гэтага інцыдэнту цвяроза, узважана», – заявіла прэм'ер-міністарка Эстоніі Кая Калас. Яна пры гэтым дадала, што Расея выкарыстоўвае праблемы на мяжы для стварэння страху і клопатаў.
Мяжа па рацэ Нарве стала прадметам спрэчкі ў пачатку 2024 года, калі Расея заявіла, што не згодная з размяшчэннем паловы з 250 буёў, устаноўленых Эстоніяй, нагадвае эстонская памежная служба. Плыўныя маркеры выкарыстоўваюцца для навігацыі лодак.
«Кожную вясну Эстонія і Расея ўсталёўваюць на рацэ Нарве памежныя буі. Рэчышча з часам мяняецца, таму мы пераглядаем разметку. Калі да 2022 года ўстаноўка буёў адбывалася шмат у чым на ўзаемную згоду, то цяпер Расея не згаджаецца з пазіцыяй Эстоніі датычна месцаў размяшчэння буёў», – заявіў кіраўнік памежнага кіравання Усходняй прэфектуры Эрык Пургель. Паводле ягоных словаў, эстонскія ўлады найбліжэйшым часам звяжуцца з расейскімі калегамі для абмеркавання гэтага пытання.
Дэмаркацыя рачной мяжы адбылася на фоне скандалу, звязанага з апублікаванай напярэдадні на партале прававых актаў пастановай ураду аб пашырэнні тэрытарыяльных водаў Расеі ў Балтыйскім моры побач з дзяржаўнай мяжой з Літвой і Фінляндыяй. Дакумент, распрацаваны Мінабароны, выклікаў бурную рэакцыю ў еўрапейскіх краінаў. Так, МЗС Латвіі назвала пастанову «спланаванай правакацыяй з мэтай эскалацыі» для «запалохвання суседніх краінаў». «Гэта відавочная эскалацыя супраць NATO і ЕЗ, якая патрабуе адэкватнага і жорсткага адказу», – сказаў, у сваю чаргу, міністр замежных справаў Літвы Габрыэліюс Ландсбергіс.
Кіраўніца МЗС Фінляндыі Эліна Валтанен заклікала Расею выконваць Канвенцыю ААН у марскім праве, якая рэгулюе пытанні берагавых ліній і тэрытарыяльных водаў, і звязала пастанову Масквы з «гібрыднымі» аперацыямі.
Ужо хутка праект пастановы ўраду пра перагляд геаграфічных каардынатаў дзяржмяжы знік з партала нарматыўных актаў. У МЗС РФ заявілі, што планаў мяняць межы Расеі ў Балтыйскім моры «не было і няма».