16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 14:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ад Антарктыды адкалоўся новы гіганцкі айсберг

Ад Антарктыды адкалоўся новы гіганцкі айсберг

Памерам з цэлы востраў.

Ад раёна Антарктыкі, у якім размяшчаецца брытанская антарктычная станцыя Галей, адкалоўся яшчэ адзін гіганцкі айсберг. Гэта ўжо трэці ледзяны блок, які аддзяліўся тут за апошнія тры гады, паведамляе ВВС.

Новы айсберг не такі вялікі, як папярэднія, але ягоная плошча складае 380 квадратных кіламетраў, гэта значыць, яго можна параўнаць з востравам Уайт.

Брытанская антарктычная служба (BAS) ужыла захады засцярогі і перамясціла Галей у 2017 годзе праз асцярогі з нагоды паводзінаў мясцовага лёду. Будынкі станцыі перамяшчалі на лыжах. З таго часу персанал рэгулярна пакідае станцыю на зімовыя месяцы.

Галей знаходзіцца на вяршыні шэльфавага ледавіка Бранта – гэта плыўны выступ ледавікоў, якія сцякалі з кантынента ў моры Уэдэла. Пярэдні край гэтага ледавіка перыядычна скідае айсбергі.

У 2021 годзе на шэльфе ўтварыўся айсберг памерам з Парыж (1300 квадратных кіламетраў) пад назвай A74, а ў 2023 годзе быў яшчэ буйнейшы блок (1500 квадратных кіламетраў) памерам з Лондан, вядомы як А81.

Новы айсберг адносіцца да гіганцкай расколіны, якую знайшлі на шэльфе 31 кастрычніка 2016 года і празвалі Хэлаўінскай расколінай. Цяпер з'явіўся яшчэ адзін разлом, перпендыкулярны ёй, які і прывёў да з'яўлення новага айсберга.

BAS ведала, што айсберг аддзеліцца, дзякуючы двум прыборам GPS, якія былі ўсталяваныя на яго.

«Гэта адначастотныя GPS-навігатары, таму яны не надта дакладныя, але яны паведамляюць вам, калі адбываецца нешта сур'ёзнае, і мы бачылі рух на некалькі сотняў метраў цягам гадзіны, што з'яўляецца добрым паказнікам таго, што айсберг адарваўся ад шэльфавага ледавіка», – заявіў гляцыёлаг Олівер Марш.

Спадарожнікавыя здымкі пацвярджаюць звесткі GPS. Цяпер айсберг з усіх бакоў акружаны марской вадой.

Страты такой вялікай колькасці лёду за тры гады паскараюць спаўзанне ледавіка Бранта ў мора. Гістарычна склалася так, што хуткасць ягонай плыні складала 400–800 м за год. Цяпер ён рухаецца з хуткасцю блізу 1300 м за год.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках