Прыгожае пытанне жыхара Гомеля пра Марка Шагала было прызнанае найлепшым у гульні «Што? Дзе? Калі?»
8- 25.05.2024, 10:13
- 10,714
Чаму нашага знакамітага земляка павольна абслугоўвалі ў парыжскіх кавярнях?
У мінулую нядзелю ў маскоўскім клубе «Што? Дзе? Калі?» стартаваў летні сезон. У першай перадачы за стол села каманда навічкоў, а менавіта Дзяніса Цеплякова.
У сярэдзіне гульні ім выпала пытанне гомельца Сяргея Пятрова.
Яно гучала так: «Марку Шагалу не падабалася ў парыжскіх кавярнях, што яго доўга абслугоўвалі. Чаму?».
Капітан каманды адказаў, што Шагал настолькі добра ведаў французскую, што работнікі кавярні прымалі яго за мясцовага жыхара і таму не спяшаліся абслугоўваць.
Насамрэч адказ іншы. Афіцыянты добра ведалі, хто такі Марк Шагал і прымушалі яго доўга чакаць вячэру, бо тады наш зямляк у чаканні замовы пачынаў маляваць на сурвэтках. Ведаючы гэтую звычку мастака, афіцыянты спецыяльна цягнулі час, каб потым пакінуць гэтыя малюнкі на памяць».
Пасля гульні пытанне Сяргея Пятрова было прызнанае найлепшым і наш зямляк атрымае не толькі 100 тысяч расейскіх рублёў за перамогу ў раўндзе, але і дадатковыя 200 тысяч рублёў (300 000 расейскіх гэта прыкладна 3 350 даляраў), піша nashaniva.com.
Дарэчы, гэтую гульню можна будзе паглядзець на АНТ у нядзелю ці зараз у інтэрнэце.