25 чэрвеня 2024, aўторак, 0:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Тое ж самае зрабілі і з Вітольдам Ашуркам»

7
«Тое ж самае зрабілі і з Вітольдам Ашуркам»

Былы палітвязень расказаў пра пекле ў шклоўскай калоніі.

49-гадовы Генадзь — самотны бацька і земляроб з Ляхавічаў. У 2021 годзе быў асуджаны да двух з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за нібыта супраціў міліцыянту і абразу Лукашэнкі. Тэрмін адбываў у ПК-17 у Шклове. Палітвязень адседзеў яго цалкам, выйшаў на волю ў снежні 2023 года і некалькі тыдняў таму разам з сынам выехаў з Беларусі.

Пра пекла шклоўскай калоніі і іншыя выпрабаванні Генадзь распавёў «Новаму часу».

«Здаралася, па два разы на дзень затрымлівалі»

— Я заўсёды быў супраць Лукашэнкі і створанай ім сістэмы, усім сябрам і знаёмым так і казаў: «Мы жывём за калючым дротам», — апавядае Генадзь. — У дваццатым годзе, пасля маштабных фальсіфікацый вынікаў выбараў, пасля гвалту ў дачыненні да беларусаў я пачаў закіпаць яшчэ больш. Не мог змірыцца з гэтым кашмарам. Ну як такое можа быць у дваццаць першым стагоддзі ў цэнтры Еўропы? Пачаў дзейнічаць яшчэ больш актыўна і рашуча.

Здаралася, мяне па два разы на дзень затрымлівалі. Кідалі на арышт, абкладалі штрафамі. Міліцыянты нават мой ровар забралі — маўляў, на кампенсацыю сумы штрафаў.

Пасля акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ў Ляхавічах затрымалі амаль усіх удзельнікаў. Штрафы прысудзілі драконаўскія. Мне далі 40 базавых адзінак.

Але я не спыніўся. Як я мог?

«Участковы расшпіліў кабуру, каб прыстрэліць нашага сабаку»

18 сакавіка 2021 па бацьку і сынам Смірновых прыйшлі. Напярэдадні Генадзь і Вячаслаў расклейвалі па Ляхавічах улёткі.

— Напачатку да нас грукаўся супрацоўнік МНС. Дзверы мы не адчынілі, — згадвае Генадзь. — Неўзабаве прыйшоў чалавек у цывільным. Як высветлілася потым, гэта быў капітан Ляхавіцкага РАУС Андрэй Чаранкевіч, які нядаўна памёр, а напярэдадні смерці атрымаў ранг маёра.

Бачыце, кара знайшла яго. Але шкада, што не дажыў да суда: вельмі хацеў бы ўбачыць яго ў кайданках.

Неўзабаве сын Слава паехаў на вучобу, але ў завулку па дарозе да ўніверсітэта яго ўжо чакалі сілавікі. Пільнавалі адмыслова. Ведалі, што сын будзе ісці менавіта гэтай дарогай.

Я быў дома, гуляў у шахматы ў тэлефоне, як раптам заўважыў бакавым зрокам, што чалавек дзесяць валакуць сына. Адразу выключыў мабільнік, хуценька схаваў у надзейнае месца, выскачыў у шлапаках на двор, а мне ў гэты момант з трох бакоў пачалі соваць у твар службовыя пасведчанні. Убачыў, што збоку двое міліцыянтаў валакуць Славіка, а ўчастковы, маёр Сяргей Гамісаравіч Ісаханаў расшпільвае кабуру, каб прыстрэліць нашага сабаку, якога сын паспеў спусціць падчасе аблавы.

Я хутка зарыентаваўся, падбег да сабакі і ўзяў яго на рукі. Пытаюся: «Куды везяце сына?» Міліцыянты схлусілі, што Слава сядзіць у аўто. Напраўду, як высветлілася пазней, сын у гэты час ужо быў у РАУС, сядзеў там у кайданках.

Візіцёры правялі ператрус, але, дзякуй богу, не знайшлі торбу з улёткамі і трафарэтамі. Знайшлі паперку з вершам, які я напісаў падчас пратэстаў і зачытваў на Маршах:

«Дорогие белорусы!

Мы сегодня вдоль домов шагаем грустно,

Как и ОМОН.

Но придет и наше время!

Свергнуть лукашизм с земли,

Станем с флагом бело-красно-белым

В стране для жизни, милые мои».

Гэты верш сілавікі прыклалі да крымінальнай справы: бацьку і сыну, як высветлілася, шылі абразу Лукашэнкі.

«Хацелі ўзняць дух людзей»

Пасля ператрусу Генадзя таксама забралі. Смірновых змясцілі ў ІЧУ, дзе яны сядзелі ў суседніх камерах. Генадзь абвясціў сухую галадоўку. У камеры да Смірновых увесь час падсаджвалі «качак» — гэтыя эпізоды пасля фігуравалі ў матэрыялах крымінальнай справы.

Праз тры дні мужчын выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Нягледзячы на адкрытую крымінальную справу, Генадзь узяў удзел у чарговай акцыі пратэсту ў Ляхавічах.

— Мы тады выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі на шпацыр. Гэта было 3 жніўня — амаль гадавіна з моманту выбараў, — згадвае былы палітвязень — Мы хацелі ўзняць дух людзей. Акцыя скончылася затрыманнямі. Сябру, што быў са мной, далі дзесяць дзён, мне — пятнаццаць.

На трэці дзень да мяне падсадзілі правакатара. Я кідаў курыць у той момант, а ён усё падбухторваў мяне: «Давай пакурым». Думаю, служакі разлічвалі, што я не стрымаюся і ўдару яго і такім чынам яны атрымаюць падставу для распачынання крымінальнай справы за «нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў». Але я трымаўся і не паддаваўся на правакацыі. На восьмы дзень мне адключылі халодную ваду. Давялося набіраць у бутэлькі гарачую, а пасля астуджваць.

На трынаццаты дзень супраць мяне ўсё ж сфабрыкавалі новую крымінальную справу: за нібыта супраціў з выкарыстаннем гвалту ў дачыненні да міліцыянта. Усё было шыта белымі ніткамі, ніякіх доказаў службоўцы не мелі. З ІЧУ мяне ўжо не выпусцілі. На волю я выйшаў толькі праз два з паловай гады.

На судзе віну я не прызнаў. Магчыма, таму што не было ніякіх доказаў, мне далі даволі невялікі тэрмін. Я асцерагаўся, што ўлепяць гадоў 5-6, бо судзілі мяне паводлеа двух артыкулаў: за супраціў міліцыянту і абразу Лукашэнкі.

Напярэдадні арышту многія сябры казалі мне, каб з’язджаў. Я адказваў ім: «Маё сумленне чыстае, я не парушаў ніякіх законаў, ну за што мяне могуць пасадзіць?»

«Камера нагадвала калодзеж»

Генадзь да суда ўтрымліваўся ў баранавіцкім следчым ізалятары, трапляў у карцар. На знак пратэсту трымаў сухую галадоўку. Напярэдадні пакарання палітвязень адчуў сябе блага і папрасіў супрацоўнікаў, каб тыя выклікалі лекара. Калі турэмны медык прыйшоў, то напышліва вымавіў: «Як вы пасмелі патурбаваць мяне ў выходны?»

Замест медычнай дапамогі Генадзя паслалі ў карцар:

— Некаторы час мяне трымалі ў старым корпусе. Камера нагадвала калодзеж: цёмная, метр восемдзесят на тры, у вышыню метраў пяць, вузкія дзверы, нары з розных па даўжыні дошак, якія напалову закрывалі прыбіральню. Там жа — выгнутая труба з вадой, нібыта кран. Але прамога доступу да вады не было: яе ўключаў супрацоўнік. Высока ўверсе круглае акно, батарэя — у сцяне, цяпла ўвогуле не адчувалася. Дзве бетонныя тумбы — штосьці кшталту стала і крэсла. Падлога таксама з бетону. Жахлівыя ўмовы, сапраўднае сярэднявечча.

Падчасе знаходжання ў баранавіцкім СІЗА мы, палітвязні, былі перакананыя, што выйдзем на свабоду да канца 2021 года. Пасля думалі, што да Дня Волі ў сакавіку, пасля зноў на штосьці разлічвалі, а пасля проста перасталі наконт гэтага задумвацца, — кажа суразмоўца.

«Да гэтага асуджанага выкарыстаць усе магчымыя спецсродкі і фізічную сілу»

Генадзь кажа, што ў шклоўскай калоніі ён быў у палоне фізічна, але маральна пачуваўся свабодным. За свае прынцыповасць, дзёрзкасць і мужнасць былы палітвязень больш за 200 дзён правёў у ШІЗА і ПКТ.

— Падчас так званых ранішніх і вечаровых праверак у штрафным ізалятары я адмаўляўся вітацца з кіраўніцтвам і чытаць даклад. Называў свае імя і прозвішча і казаў, што я незаконна асуджаны, — працягвае Генадзь. — Начальнік калоніі Карняенка і яго намеснік білі мяне за гэта па нагах, я пры гэтым стаяў на расцяжцы. Пазней дзяжурны памочнік начальніка калоніі Сазонаў сказаў наўпрост: «Зараз ты тут ляжаш».

Я адказаў яму: «Трэба будзе — лягу».

Кіраўніцтва пасля збіцця сказала супрацоўнікам: «Да гэтага асуджанага выкарыстаць усе магчымыя спецсродкі і фізічную сілу». Але я быў гатовы і да гэтага.

Калі грэўся ў ШІЗА аб батарэю, атрымаў апёкі на нагах і руках. Батарэі былі вельмі гарачыя. Але саму камеру яны не абагравалі, у памяшканні адмыслова ствараўся скразняк, акно было адчыненае на двор, акно на дзвярах таксама. А на дварэ ў гэты момант было прыкладна мінус пятнаццаць градусаў марозу. У такіх варунках я знаходзіўся 10 дзён.

Калі сядзеў у ПКТ, напісаў лісты дамоў, але адміністрацыя іх не даслала. Мая сям’я месяц не ведала, дзе я і што са мной. Пазбавілі мяне і пасылкі: даслалі яе назад сваякам.

Калі мяне месяц трымалі ў штрафным ізалятары ў лістападзе, то катавалі голадам: у алюмініевую міску клалі лыжачку ежы.

Ежа ўжо пачала мне папросту мроіцца.

«У забойстве Вітольда не апошнюю ролю адыграў начальнік рэжымкі Карчэўскі»

— Калі перавялі ў ПКТ, нарэшце дазволілі атаварыцца. Я папрасіў заўгаса купіць мне тое-сёе на ўсю дазволеную суму. А ён прынёс мне абы што, кававы напой замест кавы, і закупіўся толькі на частку сумы. Я адмовіўся браць гэтую атаварку, турэмнікі адрэагавалі на мой пратэст вельмі агрэсіўна: крычалі, прыніжалі, павялі на «голы шмон», — успамінае Генадзь. — Назад у камеру вялі вельмі хутка і ўніз галавой, крычалі. Асабліва шчыравалі начальнік рэжымкі Карчэўскі (асуджаныя далі яму мянушку «Маргарын») і яго намеснік Галанаў.

Раптам заўважаю, што мяне вядуць наўпрост галавой у металічныя дзверы, што былі адчыненыя наросхрыст. Я прытарможваю, але галаву ззаду ўсё роўна разбіваю да крыві. Калі б я не зрэагаваў, удар быў бы значна мацнейшы, не выключаю, што чэрап раскалоўся б надвае… А так «адкараскаўся» гузаком.

Думаю, тое ж самае турэмнікі маглі зрабіць і, хутчэй за ўсё, зрабілі з Вітольдам Ашуркам. І што ў яго забойстве не апошнюю ролю адыграў Карчэўскі.

Я сказаў турэмнікам, што буду пісаць на іх скаргу і абвясціў сухую галадоўку. За гэта яны дадалі мне яшчэ сем дзён штрафнога ізалятара.

Праз пару дзён я заўважыў кроў у мачы, жоўць са слінай, арганізм пачаў жэрці сам сябе, іншымі словамі. Да таго ж я быў вельмі аслаблены праз катаванні голадам, і зразумеў, што паміраю. Падумаў пра дзяцей і надумаў спыніць галадоўку.

Пасля таго, як выйшаў з ПКТ, мяне пэўны час, можна сказаць, не чапалі. Хаця раз-пораз у штрафны ізалятар ўсё адно адпраўлялі, але так моцна ўжо не лютавалі. Магчыма, зразумелі, што гэта бессэнсоўна, што я гатовы ісці да канца, а мо пераключыліся на новых ахвяр, не ведаю.

Вызваляўся з калоніі я таксама са штрафнога ізалятара: атрымаў тады чарговыя тры дні.

Пра знаёмствы з палітвязнямі

— З Вітольдам Ашуркам мы так і не перасекліся, бо ён заехаў у калонію раней за мяне. Але іншыя палітвязні, што з ім сустрэліся, шмат апавядалі мне пра яго. Кажуць быў вельмі спакойны, пазітыўны, усіх падбадзёрваў, гаварыў, што да канца мы свае тэрміны сядзець не будзем, абавязкова выйдзем раней.

За кратамі я сустрэў шмат палітвязняў, са многімі з іх, што ўжо вызваліліся, дагэтуль у кантакце.

Супраць некаторых хлопцаў распачалі артыкул за непадпарадкаванне адміністрацыі, дабаўлялі тэрміны, кагосьці даслалі ў крытую турму.

Частка мяне яшчэ засталася за кратамі, з імі, нашымі пакутнікамі. Увесь час думаю пра іх, уяўляю, як яны ляжаць там зараз, на нарах, мерзнуць у штрафным ізалятары…

«Разумелі, што ўсё ідзе да чарговай пасадкі»

— Я вызваліўся з двума гадамі прэвентыўнага нагляду. У спакоі мяне не пакідалі ні на хвіліну: працягвалі саджаць на арышты, абкладаць штрафамі, дасылаць на прымусовыя адпрацоўкі.

Умовы на адміністрацыйным арышцесталі яшчэ больш жорсткімі. Нас трымалі ў ІЧУ Ляхавічаў без матрацаў, без анічога. Нават у штрафным ізалятары можна было мець туалетную паперу, зубную шчотку, пасту і ручнік. У ляхавічскім жа ІЧУ — не.

Кожны дзень мяне кідалі ў новыя камеры, часамі ў адзіночкі. Пасля падсаджвалі да мяне правакатараў і псіхаў.

Слава вызваліўся з «хіміі» неўзабаве пасля мяне, але міліцыя не дазволіла мне яго сустрэць.

Мы з сынам зразумелі, што ўсё ідзе да чарговай пасадкі і надумалі з’язджаць з Беларусі.

«Падумваю напісаць пра перажытае кнігу»

— Цяпер мы ў бяспецы, аднаўляемся. З’ездзілі ў санаторый. Але на чужыне мне цяжка… Пакуль што не магу тут прызвычаіцца і прыжыцца. Сумую па сваім пляцы, па садзе… Туга па Радзіме вельмі моцная.

Падумваю, каб напісаць пра перажытае кнігу. Адзінае, што цяпер у мяне перыяд адаптацыі, цяжка сканцэнтравацца. Таму адклаў гэта на потым.

Цяжкі досвед забраў шмат здароўя, сілаў, нерваў, але я ні пра што не шкадую. Мне ніколі не будзе сорамна глядзець у вочы сваім дзецям і будучым унукам. Я ж выходзіў і за іх. У першую чаргу за іх. І іх будучыню.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках