Крым атакавалі 10 ракетаў
12- 26.05.2024, 8:03
- 29,464

Керчанскі мост перакрыты.
У акупаваным Крыме 25 траўня блізу 22-й гадзіны прагрымелі выбухі ў раёне некалькіх населеных пунктаў. Пра гэта паведамляюць у тэлеграм-канале «Крымскі вецер».
«У Краснаперакопскім раёне 10 хвілінаў таму былі чуваць два выбухі, а ў Джанкоі гудзе сірэна. Рух па Крымскім мосце перакрыты», – гаворыцца ў паведамленні.
Мясцовыя паблікі пішуць пра працу СПА.

Расейскія маніторынгавыя рэсурсы паведамілі пра пралёт не менш як 10 ракетаў, а мясцовыя жыхары пацвердзілі паветраную атаку.

«Губернатар» Севастопаля Міхаіл Разважаеў у сваім тэлеграм-канале ў 21:57 паведаміў пра ракетную небяспеку і ў 22:10 пра адбой паветранай трывогі. Больш пра напад на Крым ён нічога не напісаў.

Між тым у тэлеграм-канале «Мікалаеўскі Ванёк», які вядзе баец Сілаў абароны Украіны, паведамілі пра выбухі ў раёне Еўпаторыі.
«4 прыходы за Еўпаторыяй. Класныя ракеты, праўда?» – гаворыцца ў паведамленні.
«Ванёк» дадаў, што антэна ў раёне Алушты пасля апошняй атакі сур'ёзна пашкоджаная і выкарыстоўвацца больш не будзе. Вакол яе стаяла некалькі батарэй СПА, а праз вывад яе са строю акупанты пачалі прыбіраць СПА.

У сетцы паведамляецца, што расейская СПА працавала ў раёне вёскі Дабрушына. Мясцовыя налічылі 8 вылетаў.

Таксама паведамляецца, што ў Еўпаторыі пасля выбухаў кудысьці панесліся хуткія і пажарныя, а ва Уютным было шумна ў вайсковай часці.
«Было гучна, дзе вайсковая частка», – паведамілі ў сацсетках.


