19 чэрвеня 2024, Серада, 19:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння ксёндз Уладзіслаў Завальнюк адзначае 50-годдзе святарства

Сёння ксёндз Уладзіслаў Завальнюк адзначае 50-годдзе святарства

Каплан папы рымскага жыве ў Менску без святла, вады і храма.

У нядзелю 26 траўня адзін са старэйшых святароў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк адзначае 50-годдзе святарства.

Адзін з самых вядомых і паважаных каталіцкіх святароў Беларусі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк 26 траўня адзначае 50-годдзе святарскага пасвячэння. Да гэтай даты папа рымскі Францішак надаў яму – на просьбу мітрапаліта менска-магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага – тытул капелана яго святасці, што з'яўляецца выяўленнем вялікіх заслуг перад Касцёлам.

Аднак з нагоды юбілею і новага тытула святар не ладзіць вялікага святкавання, бо мяркуе, што гэта абсурдна і нясвоечасова, расказалі Katolik.life вернікі.

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк – шматгадовы пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ў Менску (Чырвонага касцёла). Праўда, у апошніх афіцыйных паведамленнях гэтую пасаду не ўказваюць.

«Ты мусіш святкаваць гэты юбілей у Чырвоным касцёле. На жаль, не можаш гэтага зрабіць. Не пабаюся сказаць – усе асацыююць Чырвоны касцёл з ксяндзом Завальнюком. Спадзяюся, гэтая праблема будзе развязаная. Калі не сёння, то ў іншы дзень», – звярнуўся да ксяндза Уладзіслава падчас урачыстай цырымоніі арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Чырвоны касцёл зачынены ўжо больш як паўтара года праз сумнеўную прычыну, абяцаныя працы ў рамонце, якія мясцовыя ўлады анансавалі ў першым квартале 2024 года, не пачаліся і ў канцы траўня.

«Касцёл ніхто адчыняць не збіраецца. Так што адзначаць – што святара-юбіляра не пускаюць у родны храм? Ніякіх прыкметаў пачатку рамонту мы не бачым», – адзначаюць у парафіі.

Па-ранейшаму ўвесь гэты час і пробашч, і іншыя святары, і прыхаджане моляцца ў плябаніі – невялікім будынку побач з касцёлам, які атрымалася адстаяць. Аднак памяшканне адключанае ад усіх выгодаў, тут няма ні вады, ні электрычнасці. У такіх умовах папскі каплан вымушаны ажыццяўляць сваю дзейнасць.

Штодня пасля святой Імшы а 15-й у катэдральным касцёле (тут цяпер вымушана праходзяць службы для парафіі зачыненага касцёла) ксёндз Уладзіслаў дзяжурыць у плябаніі, калі не знаходзіцца ў ад'ездзе. Таксама ён абыходзіць Чырвоны касцёл з ружанцовай малітвай. У плябаніі арганізаванае кругласутачнае дзяжурства, там ёсць капліца з Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Парафіяне запланавалі віншаванне святара з юбілеем на святой імшы а 15-й у катэдральным касцёле 26 траўня.

Ксёндз Уладзіслаў з самага пачатку служэння сутыкаўся з ціскам свецкіх уладаў – яму забаранялі служыць, ужывалі ў дачыненні да яго карную псіхіятрыю.

8 ліпеня ксяндзу Уладзіславу споўніцца 75 гадоў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках