Латвія прыдумала, як урэгуляваць праблему, звязаную з абмежаваннямі тавараў з Беларусі
1- 26.05.2024, 15:15
- 6,312

Неабходнасць у беларускіх і расейскіх дэталях адпала.
У Латвіі плануюць замяніць усе старыя ліфты, для рамонту якіх трэба імпартаваць беларускія і расейскія дэталі. Пра гэта паведамляе delfi.lv.
У найбліжэйшыя 10-15 гадоў старыя ліфты ў Латвіі маюць замяніць новымі. Гэта тлумачаць тым, што выдаткі на рамонт і мадэрнізацыю старых сістэм супастаўныя з купляй новых. Мадэрнізацыя старога ліфта можа каштаваць блізу 35 тысяч еўраў, у той час як новы ліфт каштуе прыкладна 50 тысяч еўраў, у залежнасці ад абсталявання і колькасці паверхаў.
Акрамя таго, што для многіх ліфтаў у дамах, пабудаваных за савецкім часам, перавышаны тэрмін эксплуатацыі, цяжкасці ўзнікаюць праз залежнасць ад беларускіх і расейскіх дэталяў.
- Старыя ліфты дарагія і складаныя ў абслугоўванні. Запасныя часткі цяжка знайсці, дэталі савецкіх ліфтаў у асноўным робяцца ў Расеі і Беларусі. Працягваючы мадэрнізаваць старыя ліфты, мы інвестуем у эканоміку краін-агрэсараў. Я думаю, што ўжо адно гэта з'яўляецца дастатковым аргументам для замены ліфтаў, - заявіў кіраўнік аддзела кіравання жылымі дамамі кампаніі кіравання будынкамі АТ «Civinity Home» Гатыс Розэ.
Напрыклад, у шматкватэрных дамах Рыгі ўсталявана больш за 1000 ліфтаў.
Нагадаем, летась стала вядома, што Латвія сутыкнулася з цяжкасцямі праз дэталі «Магілёўліфтмаша», якія выкарыстоўваюцца для мясцовых ліфтаў.
У пачатку траўня гэтага года кампанія Pasažieru vilciens (PV), якая займаецца пасажырскімі перавозкамі па чыгунцы, выступіла супраць увядзення абмежаванняў па таварах з Беларусі праз залежнасць ад беларускіх запчастак.