ISW: Расея сцягвае войскі на межы дзвюх украінскіх абласцей
12- 27.05.2024, 13:33
- 38,064
Амерыканскія экспэрты расказалі, што задумалі акупанты.
Расейцы канцэнтруюць свае войскі на мяжы з Харкаўскай і Сумскай абласцямі. Хоць колькасць кантынгенту РФ абмежаваная, такая колькасць можа прымусіць Украіну перакінуць і расцягнуць свае сілы ўздоўж дзяржаўнай мяжы. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Са звестак аналітыкаў, расейскія войскі сканцэнтраваныя ў раёне Грайворон-Барысаўка-Пралетарскі на захадзе Белгародскай вобласці. Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што апошнія тыдні расейцы пашырылі сваю дзейнасць на базах і складах у населеных пунктах гэтага раёна. Аднак дакладны памер сіл акупантаў застаецца невядомым.
Гэты раён дазваляе расейскім войскам акупантаў пачаць наступальныя аперацыі на поўдзень у кірунку Залачова і Багадухова, двух украінскіх гарадоў, размешчаных на паўночны захад ад Харкава, на адлегласці да 25 кіламетраў ад міжнароднай мяжы. Акрамя таго, расейцы могуць наступаць на захад уздоўж трасы Р-45, якая злучае Багадухоў з Сумамі.
Аналітыкі ISW мяркуюць, што войскі РФ маглі б весці наступ у адным або абодвух кірунках адначасова. Такія дзеянні прымусяць Украіну расцягнуць сілы на большым адцінку мяжы ў Харкаўскай і Сумскай абласцях.
У той жа час РФ засяроджвае абмежаваныя войскі ў Курскай і Бранскай абласцях паблізу мяжы з Сумскай вобласцю. У ISW мяркуюць, што нават абмежаваная канцэнтрацыя войскаў у гэтых раёнах можа прымусіць Украіну сцягнуць і замацаваць сілы на міжнароднай мяжы.
Расейскія ўзброеныя сілы зараз даводзяць Паўночную групоўку войскаў да запланаванай колькасці і, магчыма, пачнуць абмежаваны наступ у кірунку Сумы-Харкаў, пакуль групоўка не дасягне поўнай колькасці.
«Нават абмежаваныя расейскія наступальныя аперацыі ў гэтых раёнах створаць ціск, які расцягне ўкраінскую жывую сілу і тэхніку ўздоўж больш шырокага фронту і, магчыма, дазволіць расейскім войскам стварыць тактычныя плацдармы для падтрымкі далейшых аперацый або на паўночны захад ад горада Харкава, або ў кірунку горада Сумы», - адзначылі ў справаздачы.
Аднак, нават дасягнуўшы верхняй мяжы колькасці, Паўночная групоўка войскаў акупантаў не будзе мець дастатковай сілы, каб акружыць або захапіць Харкаў ці Сумы, запэўніваюць у Інстытуце.