27 лiпеня 2024, Субота, 3:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хацелі рэстарацыю японскай кухні, але надумалі пачаць з малога»

1
«Хацелі рэстарацыю японскай кухні, але надумалі пачаць з малога»

Як беларусы ў Беластоку адкрылі арыгінальны фудтрак.

Беларусы Паліна і Ігар адкрылі ў польскім Беластоку фудтрак з чабурэкамі. У праект яны ўклалі ўжо 50 тысяч злотых (блізу $12 800), але вераць, што попыт і добрае месцазнаходжанне дазволяць акупіць выдаткі.

Бізнэс толькі запрацаваў, але палякі ўжо праявілі цікавасць да чабурэкаў. А беларусы шукаюць тут знаёмы смак – як дома, піша Most.

Паліна са Светлагорска, а Ігар з Бабруйска. Маладыя людзі пазнаёміліся ў 2020 годзе ў сацыяльных сетках. Сустрэліся - і праз два месяцы ажаніліся. Пераехалі жыць у Менск, а праз год - у Адэсу. Ва Украіне беларусы пражылі амаль паўгода. А пасля пачатку вайны, як і многія ўкраінцы, уцяклі ў Польшчу. Надумалі асесці ў прымежным Беластоку, дзе іх прытуліў сябар.

Хацелі рэстарацыю японскай кухні, але надумалі пачаць з малога

Першы год для беларусаў у Польшчы выдаўся складаным. Яны не ведалі польскай мовы, у іх не было доступу да рынку працы. Амаль год пара выдаткавала на легалізацыю.

- Вядома, з дакументамі стала лягчэй жыць. Муж спачатку працаваў на будоўлі, а потым пайшоў у мясцовую рэстарацыю займацца ўлюбёнай справай. А я ўладкавалася спачатку на адно прадпрыемства, але патрапіла пад скарачэнне, а потым пайшла працаваць з Макдональдс, - распавядае Паліна.

За год працы беларусы вывучылі польскі рынак гастраноміі і пачалі марыць пра ўласны бізнэс.

- Я заўсёды называла Ігара шэф-кухарам. Ігар усё жыццё звязаны з кулінарыяй. Дзе б мы ні жылі, ён усюды планаваў нешта сваё. Напрыклад, калі жылі ў Адэсе, ён працаваў фітнэс-трэнерам і рабіў спецыяльныя ПХ-дэсерты (для правільнага харчавання. - Заўв.) для кліентаў, потым думаў пра пункт са смажанай бульбай. Але ўсе планы разбурыла вайна. Ідэя з уласным бізнэсам у Польшчы нарадзілася ў нас у канцы лютага 2024 года, праз два гады эміграцыі. Мы захацелі запусціць свой фудтрак з чабурэкамі. Ігар спачатку хацеў рэстарацыю японскай кухні, але гэта вельмі дарагі праект. Чаму ў выніку чабурэкі? Смачна - і іх амаль няма ў Беластоку. Вось мы і надумалі пачаць з малога.

Уклалі ў праект 50 тысяч злотых - і гэта не мяжа

На рэалізацыю праекта ў сям'і спатрэбілася крыху больш за тры месяцы. Па фудтрак Ігар ездзіў у невялікае мястэчка за Гданьскам. Ён каштаваў беларусам прыкладна 20 тысяч злотых. Агулам беларусы ўклалі ў сямейную справу ўжо больш за 50 тысяч злотых, але кажуць, што гэта яшчэ не мяжа. Акрамя фудтраку, трэба было купіць абсталяванне, прадукты, заплаціць за арэнду месца.

Месца для фудтрака доўга шукаць не давялося. Ігар быў знаёмы з уладальнікам фітнэс-залы, а той дапамог выйсці на мэнэджара, які дазволіў гандаль на стаянцы недалёка ад аўтавакзала. Месца прахадное, і ўза месяц арэнда тэрыторыі выходзіць 3 тысячы злотых.

- Гэта дорага, але мы спрабуем. Самае складанае ў запуску першага бізнэсу - гэта нястача сродкаў, - распавядае Ігар. - Гастранамія - гэта заўсёды цяжка. Але мы верым, што ўсё атрымаецца.

Доўга шукалі ідэальны рэцэпт

У асартыменце ў беларусаў пяць відаў розных чабурэкаў, а яшчэ ёсць беляшы, нагетсы, бульбачка і пратэінавыя напоі для аматараў спорту: Ігар і Паліна рэгулярна ходзяць у суседнюю ад фудтрака спартзалу, якая знаходзіцца на тэрыторыі аўтавакзала.

Меркаваць пра попыт пакуль складана: фудтрак толькі адкрыўся. Але цікавасць да праекту беларусы ўжо заўважаюць.

- Многія палякі падыходзяць, цікавяцца і купляюць. Беларусы таксама ўжо прыходзяць. А мы працуем толькі два дні! Я доўга шукаў ідэальны рэцэпт для чабурэкаў. Здаецца, спачатку знайшоў, а потым высветлілася, мука не пасуе, потым яшчэ нешта. Шмат чаго перакаштаваў і ў выніку распрацаваў свой рэцэпт. Усё шляхам спроб і памылак. "Сапраўдныя, як дома?" - спытала адна беларуска. Так, такі ж смак, як дома.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках