Дзе таннейшыя прадукты: параўноўваем кошты ў Польшчы і Беларусі
28- 28.05.2024, 17:31
- 23,438
Часам лічбы на цэнніках адрозніваюцца ў разы.
Улюбёная тэма лукашэнкаўскіх прапагандыстаў - "непасільныя цэны" ў крамах суседніх краін. Мы надумалі праверыць, ці так гэта напраўду.
Сайт Charter97.org параўнаў кошт прадуктаў у Беларусі і суседняй Польшчы. Кошты беларускіх прадуктаў мы ўзялі з інтэрнэт-крамы «Еўраопт», а ў Польшчы паглядзелі сайт папулярнай сеткі «Ашан». Для зручнасці чытачоў мы пералічылі кошты ў беларускія рублі.
Набліжаецца лета, сезон гародніны і садавіны, таму з іх мы і надумалі пачаць.
Звычайныя памідоры ў беларускай краме можна купіць коштам 5 рублёў 5 капеек за кілаграм, праўда, гэта з вялікай зніжкай, стандартны кошт дасягае амаль 10 рублёў за кіло. У польскай краме цана была ніжэйшай — 6,67 за кіло. Тамат чэры таксама таннейшы ў Польшчы — 4,74 рубля за ўпакоўку на 250 грам супраць 5,99 за беларускі аналаг.
Перац у беларускай "Е-дастаўцы" прадаецца па 14,95 рубля за кілаграм. У «Ашане» жоўты перац быў даражэйшым — 19 рублёў 18 капеек за кілаграм, а вось чырвоны наадварот таннейшым — 11,34 р./кг.
Кошт ранняй бульбы адрозніваюцца нязначна, у Польшчы кілаграм прапануюць па 4,99 р./кг.
За моркву ў беларускай «Е-дастаўцы» просяць 2,95 рубля, у Польшчы давядзецца аддаць 3 рублі 83 капейкі за кілаграм.
Цыбуля ў беларускай краме каштуе 1,91 р./кг. за кілаграм, у Польшчы - 2,90. А вось цыбуля-шалот значна таннейшыя ў польскай краме — 14,95 р./кг.
За пучок зялёнай цыбулі ў «Е-дастаўцы» просяць 1,52 р., у «Ашане» - 2,15. А вось цыбуля парэй у Польшчы таннейшая амаль удвая — 9 рублёў 58 капеек за кіло.
За кілаграм гладкіх агуркоў у польскай краме давядзецца аддаць 2 рублі 83 капейкі, у беларускай — 2 рублі 79 капеек. Калючыя каштуюць даражэй - 5,83 р./кг у Польшчы і 3,15 р./кг у Беларусі.
За «беларускі баклажан» у «Е-дастаўцы» просяць 11 рублёў 19 капеек, а за расейскі давядзецца даплаціць 46 капеек. У Польшчы звычайны баклажан каштуе 11,50 р./кг, а за «БІЯ» просяць 13 рублёў і 33 капейкі.
Калі кошты гародніны не так моцна адрозніваюцца, то на некаторую садавіну і ягады кошты адрозніваюцца ў разы.
Буякі ў Беларусі прапануюць па 94 рублі 99 капеек за кілаграм. Польскія абыдуцца значна танней - 39,97.
Кілаграм клубніц у беларускай краме прапануюць купіць са зніжкай амаль за 20 рублёў, у Польшчы без зніжкі ягаду прапануюць за 12,50 р./кг.
У Беларусі за кілаграм зялёнага вінаграду давядзецца аддаць 11 рублёў 99 капеек, за чырвоны — 24,99. У польскай краме за кілаграм зялёнага вінаграду давядзецца аддаць 13 рублёў 92 капейкі, а за чырвоны 15 рублёў 84 капейкі.
Кілаграм эквадорскіх бананаў беларуская сетка прапануе купіць за 5 рублёў 99 капеек. У Польшчы яны крыху таннейшыя — 5,07.
Экзатычны какос у Беларусі можна купіць па 10,79 р./кг, а ў польскай краме па 7,17 р./кг.
Крупы - адзін з найважнейшых прадуктаў у рацыёне чалавека. Параўноўваем кошты ў нас і нашых суседзяў.
Самая танная грэчка ў Беларусі прадаецца па 1 рубель 23 капейкі за паўкіло. У Польшчы за такую ж колькасць давядзецца аддаць 2 рублі 91 капейку.
З рысам сітуацыя супрацьлеглая. Беларуская крама за ўпакоўку 0,5 кг просіць 2 рублі 4 капейкі. Атрымліваем кошт у 4,08 за кілаграм. Польскі аналаг абыдзецца ў 3 рублі 33 капейкі за кілаграм.
Самыя танныя макароны ў беларускай краме расейскай вытворчасці, за ўпакоўку 400 грам просяць 1 рубель 12 капеек. 400 грамаў польскіх макарон абыдуцца 1 рубель 74 капейкі.
Кава ў Беларусі даражэйшая, чым у Польшчы.
Пакунак 250 грамаў кавы ў зернях «Lavazza» ў беларускай краме каштуе 25 рублёў 38 капеек, у Польшчы за такі ж давядзецца аддаць 21 рубель 26 капеек. За 250 грам меленай кавы таго ж вытворцы ў Беларусі давядзецца аддаць 18 рублёў, у польскай краме — 16 рублёў 17 капеек.
За 420 грам хуткараспушчальнага какава-напою "Nesquik" у "Е-дастаўцы" просяць 23 рублі 15 капеек. У Польшчы гэты напой каштуе 15 рублёў 30 капеек.
Айчынны цукар у Беларусі прадаюць па 2,29 р./кг, у польскім "Ашане" давядзецца заплаціць 4 рублі 15 капеек за кіло. Соль у "Е-дастаўцы" прапануюць па 0,85 р./кг, у Польшчы даражэй - 1 рубель 64 капейкі за кілаграм.
У нейкі момант, каб не падвышаць кошт малака, у Беларусі яго вырашылі разліваць у меншую тару.
Цяпер замест літра ў бутэлькі наліваюць 900 ці 930 мілілітраў. Кошт за бутэльку стартуе ад 2 рублёў 17 капеек. Сярэдні кошт малака ў польскай сетцы - 2,5 рубля за літр.
Адзін з самых папулярных сыроў у свеце Гауда ў Беларусі каштуе 21 рубель 92 капейкі за кілаграм. У Польшчы - 18,27.
Прадстаўнік сыроў натуральнага выспявання Маасдам у Беларусі прадаецца па 26 рублёў 22 капейкі за кілаграм. У Польшчы - 25,85.
Сярэдняя цана курыных яек у Беларусі складае блізу 3 рублёў за дзясятак.
У Польшчы яны крыху даражэйшыя — прыкладна 5 рублёў за дзясятак.
Пяройдзем да мяса.
Курынае мяса звычайна таннейшае за свініну ці ялавічыну. Так у Беларусі астуджаную курыную тушку прапануюць па 6 рублёў 39 капеек за кілаграм. У Польшчы - 8,90.
Курынае філе абыдзецца даражэй. У Беларусі кошт 13,60 за кілаграм, у Польшчы – 16,67.
Калі курыца была таннейшай у Беларусі, то кошты свініны значна больш прывабныя ў польскай краме. Кілаграм прапануюць па 20 рублёў 85 капеек, а беларуская крама запытала за падобны прадукт больш — 22 рублі 25 капеек. Кілаграм ялавічыны "Еўраопт" прапануе купіць за 27 рублёў 13 капеек, "Ашан" - 35,03.
Наш спіс быў бы няпоўным без рыбы.
Адной з самых папулярных сталовых рыб ужо вельмі даўно з'яўляецца мінтай. У беларускай краме мы знайшлі яго па 16 рублёў 65 капеек за кілаграм. У Польшчы ён быў крыху таннейшым — 15,17.
Скумбрыя халоднага вэнджання ў Беларусі каштуе 22,7 рубля за кілаграм. У Польшчы такі ж прадукт быў прыкметна таннейшы — 18,34 беларускіх рублёў за кілаграм.
Што ў выніку?
Як бачна, дастаткова вялікая колькасць прадуктаў была даражэйшай у беларускім супермаркеце. І хоць на многія прадукты розніца ў кошце невялікая, але ўсё ж яна ёсць.
Аднак сярэдні заробак у студзені 2024 года ў Польшчы, паводле зестак Цэнтральнай статыстычнай управы, складаў 7 768,35 злотых брута, а пасля выліку падаткаў прыкладна 5600 злотых (блізу 4700 беларускіх рублёў).
У Беларусі ж сёння для многіх заробак на 1500 рублёў — мяжа летуценняў.
Варта адзначыць, што асартымент у польскіх крамах значна шырэйшы, чым у беларускіх. Віной таму - так званыя контрсанкцыі ад рэжыму Лукашэнкі. Беларусаў пазбавілі магчымасці купляць заходнія прадукты, а замест іх на паліцах з'явіліся аналагі з ЕАЭС.