Генерал-лейтэнант УСУ: Чатыры краіны NATO могуць увесці войскі ва Украіну
8- 29.05.2024, 8:06
- 12,344
Расея рыхтуе прарыў фронту.
Адразу чатыры краіны NATO - Польшча, Літва, Латвія і Эстонія - могуць увесці ва Украіну свае войскі, калі расейскаму акупацыйнаму войску ўдасца прарваць фронт. Расея фармуе стратэгічны рэзерв, які тэарэтычна можа здзейсніць такі прарыў.
Цяперашняя сітуацыя на фронце застаецца цяжкай, прынамсі, на Пакроўскім, Бахмуцкім і Купянскім кірунках. Праціўнік спрабуе звязаць Ваўчанск з Купянскам, каб мець магчымасць рухацца да ўкраінскага тылу.
Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв'ю OBOZ.UA распавёў экс-намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, генерал-лейтэнант Ігар Раманенка.
- Нямецкае выданне Der Spiegel паведаміла, што Польшча і краіны Балтыі дапускаюць увод войскаў ва Украіну, калі расейскае войска зможа прарваць фронт. Ці ўважаеце вы за магчымы прарыў фронту і ўдзел войскаў гэтых еўрапейскіх дзяржаў у вайне ва Украіне?
- Пачну з другога. Так, я гэта мяркую. Гэтую тэму пачаў уздымаць яшчэ прэзідэнт Францыі Макрон, і дыскусіі іншых палітычных дзеячаў на гэты конт працягваюцца, бо сітуацыя ўскладняецца. Яна сапраўды цяжкая за кошт як вонкавых, так і ўнутраных фактараў - праз эксперыменты з працяглай паўзай ў перадачы вайсковай дапамогі ад ЗША і невыканання абавязацельстваў у аб'ёмах мабілізацыі ва Украіне.
Нам неабходна актывізаваць працу па мабілізацыі. Заканадаўства гэтага не дазваляе, і таму, акрамя закона, прымаюцца пастановы на ўзроўні Кабміна, якія павінны палепшыць нарматыўны інструментарый. Гэтыя пастановы зазнаюць крытыку, але так ці інакш камусьці неабходна спыняць пасоўванне ворага, і з гэтага трэба зыходзіць.
Наконт цяперашняй сітуацыі на фронце дадаўся Харкаўскі кірунак, а на іншых кірунках ідуць вельмі цяжкія баі. Напрыклад, на ўсходзе інтэнсіўнасць баёў вышэйшая, чым на Харкаўшчыне. Прынамсі, размова ідзе аб Пакроўскім, Бахмуцкім кірунках. Падключаецца і Купянск, бо вораг хоча звязаць яго з Ваўчанскам. Захапіўшы Ваўчанск і рухаючыся ў бок Купянска, сілы ворага змогуць зайсці з флангаў і з тылу нашай групоўкі, якая абараняе гэты населены пункт.
Чаму такія заявы робяць у краінах Балтыі і Польшчы? Бо яны разумеюць, што пасля Украіны будуць яны. З вайсковага пункту гледжання гэта рацыянальны падыход - трэба дзейнічаць на апярэджанне.
Украіне неабходна працаваць з усімі гэтымі дзяржавамі, прадугледжваць такія дзеянні і спрыяць таму, каб на Захадзе не толькі здымалі забароны на выкарыстанне ўзбраенняў, як гэта зрабіла Швэцыя (краіна дазволіла выкарыстоўваць яе ўзбраенне супраць цэляў на тэрыторыі РФ. - Рэд.), але і рабілі іншыя важныя крокі.
Прарывам можна было б назваць прасоўванне акупацыйных войскаў на дзясяткі кіламетраў. Гэтага не здараецца. Ёсць прасоўванне на некалькі кіламетраў, у тым ліку на захад ад Аўдзееўкі, за Ачарэціна. Прарыў гэта ці не? Тут пытанне аб ацэнках.
- У Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі ўсведамляюць небяспеку ад прасоўвання расейскіх акупацыйных войскаў. На вашы ацэнкі, што менавіта мяжа можа стаць паваротным для нашых супольнікаў? Калі вораг дасягне поспеху, будзе прынятая пастанова: так, гэта той самы момант, мы ўводзім свае войскі.
- Макрон гэтыя месцы ўжо сфармуляваў: Кіеў і Адэса. Але магчымыя іншыя варыянты. Напрыклад, выхад расейскага войска да горада Дняпра. Цяпер Расея фармуе групоўку з двух войскаў, гэта рэзерв стратэгічнага ўзроўню. Гэта вельмі сур'ёзная небяспека. Калі выкарыстоўваць гэты рэзерв, можна выйсці, напрыклад, на Запарожжа. І гэта можа быць менавіта тым прарывам, пра які ідзе размова.
У кіраўніцтва кожнай з гэтых чатырох дзяржаў свае погляды на гэты конт. Але ім трэба аб'ядноўвацца і выпрацоўваць кансалідаванае бачанне. НАТА ў гэтым выпадку, напэўна, зойме такую пазіцыю: маўляў, вы самі ў гэта ўвязаліся, самі і расхлёбвайце.
Аднак амерыканцы - за акіянам, а немцы за сваімі гістарычнымі каштоўнасцямі і перадгісторыяй не схаваюцца. Ужо ідзе трэці год шырокамаштабнай вайны і дзейнічаюць аб'ектыўныя законы вайны. Так што давядзецца рэагаваць. Не ведаю, хто зробіць новы Пэрл-Харбар у ЗША - кітайцы або расейцы?
Відавочна, што трагедыі ў Харкаве хаўруснікам мала, каб яны перайшлі да наступнага этапу дапамогі Украіне, бо дзве сістэмы Patriot для абароны Харкава яшчэ не сабралі (19 траўня прэзідэнт Зяленскі ў звароце да хаўруснікаў заявіў, што пастаўка двух сістэм Patriot прынцыпова змяніла б узровень бяспекі ў горадзе).
Але я як спецыяліст па СПА і ПРА скажу, што нават гэтыя два Patriot могуць не развязаць праблему. Іх трэба ўвесь час перамяшчаць, а яны не такія мабільныя. А расейцы на іх будуць паляваць. Расея стварыла над Харкавам выведвальнае поле. Там лётаюць «Арланы» і іншыя выведвальныя сродкі. І праз тыдзень-два абедзве батарэі могуць быць знішчаныя. Іх маглі затуляць IRIS-T ці іншыя малавышынныя комплексы блізкага радыусу дзеяння.
У нас няма сродкаў, якія маглі б збіваць КАБы. Эфектыўна біць носьбіты КАБаў - Су-34, з іншага боку, на тэрыторыі Расеі. Блінкен заявіў: «Мы гэтага не ўхваляем, але гэта на вашай адказнасці». Але хаця б так. Адказнасці мы дакладна не баімся. Давайце больш зброі і боепрыпасаў.
- Вы згадалі Швэцыю. Сапраўды, вельмі добрая навіна для нас - гэтая краіна дазволіла Украіне выкарыстоўваць сваё ўзбраенне для знішчэння цэляў на тэрыторыі Расеі. Аб якім менавіта ўзбраенні ідзе гаворка? Ці можа гэта істотна палепшыць сітуацыю, напрыклад, у той жа Харкаўскай вобласці?
- Можа. Яны перадаюць нам добрыя артылерыйскія сістэмы для артылерыйскіх двубояў. Проста іх трэба больш і плюс боепрыпасы. Іх можна ўжываць на тым жа Харкаўскім кірунку. Ёсць магчымасць страляць да 40 км, і гэта вельмі важна.
- Экс-камандуючы наземнымі войскамі ЗША ў Еўропе генерал Бэн Ходжэс у інтэрв'ю румынскай тэлевізіі заявіў, што калі Расея нападзе на краіну НАТА, гэтай краіне давядзецца чакаць мінімум два тыдні, пакуль хаўруснікі па блоку прыйдуць на дапамогу. Структура NATO сапраўды такая непаваротлівая?
- Дакладна так. Усе кансэнсусныя сістэмы непаваротлівыя. У вайсковай справе яны малаэфектыўныя. Тут відавочная перавага Расеі, дзе пастанову прымае адзін чалавек – Пуцін. Герасімаў паведамляе яму абстаноўку, той ацэньвае, прымае пастанову - і гэта адразу ж рэалізуецца. У такой вайне аўтарытарнае кіраванне мае перавагу.
Сапраўды, пакуль у NATO збяруцца, пакуль дасягнуць кансэнсусу, Расея паспее захапіць дзяржавы Балтыі. Так, NATO ўжо размясціла па адным шматнацыянальным батальёне ў дзяржавах Балтыі і Польшчы. Але відавочна, што ў расейскай дывізіі будзе перавага.
Ходжэс, які прадстаўляе гэты тэатр баявых дзеянняў, гаворыць так, як ёсць. На жаль, людзі, якія кіруюць заходнімі дзяржавамі, далёкія ад гэтага разумення.
Напрыклад, прэзідэнт Зяленскі з'ехаў у Гішпанію, гішпанцы даюць нам ракеты Patriot. А чаму батарэю не даюць? Колькі трагедый яшчэ павінна адбыцца, каб яны рашуча рушылі нам насустрач?
Хацеў бы прывесці прыклад адбіцця ракетнай атакі Ірана на Ізраіль. Гэта быў гістарычны рэкорд - упершыню ўжывалася такая моц для нанясення ўдару і такая моц, якая гэтыя ўдары адбіла. У выніку па Ізраілі практычна нічога не патрапіла. А мы трэці год просім: закрыйце неба над Украінай. Але Польшчы, дзе расейская ракета забіла іх мірных грамадзян, ЗША не дазваляюць абараняць сваю дзяржаву на тэрыторыі Украіны.
Два дні таму я сустракаўся з амерыканскім сенатарам штата Небраска Томам Бруэрам, які прайшоў Афганістан, палкоўнікам у адстаўцы. Я расказваў пра сітуацыю на фронце, пра тое, што неабходна перш за ўсё, і спрабаваў паказаць, што алгарытм сталых саступак амерыканцаў расейцам, акно магчымасцей на паўгода, не толькі абарочваецца супраць Украіны, але проста нівелюе статус ЗША як дзяржавы, якая можа сур'ёзна змагацца за каштоўнасці, якія яны абвяшчаюць, за дэмакратыю і свабоду ва ўсім свеце.
Такая лінія паводзін ЗША на саступках ад Салівана (з саступкамі РФ. - Рэд.) можа прывесці да цяжкіх наступстваў, трэба пераходзіць да алгарытму дзеянняў Блінкена-Осціна.