27 чэрвеня 2024, Чацвер, 12:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША прапанавалі Арменіі пашырыць вайсковае супрацоўніцтва

4
ЗША прапанавалі Арменіі пашырыць вайсковае супрацоўніцтва

АДКБ - усё?

ЗША прапануюць Арменіі пашырыць супрацоўніцтва ў вайсковай сферы, вынікае з заявы намесніка амерыканскага дзяржсакратара ў справах Еўропы і Еўразіі Джэймса О’Браена. «Нашыя першыя супольныя вучэнні прайшлі летась. Мы чакаем большага», - сказаў дыпламат на пасяджэнні стратэгічнага дыялогу дзвюх краін.

О’Браен дадаў, што Вашынгтон разлічвае працаваць з Ерэванам у сферы кібербяспекі, памежнай бяспекі, харчовай і энэргетычнай бяспекі.

Намеснік дзяржсакратара таксама адзначыў, што народ Арменіі пацвердзіў сваё імкненне да рэформ, і ЗША падтрымліваюць гэтыя намаганні. Акрамя таго, О’Браэн заявіў аб неабходнасці міру паміж Арменіяй і Азербайджанам. «Калі паміж Арменіяй і Азербайджанам будзе трывалы мір, магчымасцей будзе больш, і мы рады падтрымаць намаганні ў гэтай галіне», - сказаў ён.

У верасні 2022 года, калі на армяна-азербайджанскай мяжы пачалося абвастрэнне, Арменія звярнулася да хаўруснікаў па АДКБ, кіруючыся артыкулам 4 статута арганізацыі, згодна з якім агрэсія супраць адной краіны блока разглядаецца як напад на ўсіх яго членаў. У АДКБ у адказ абмежавалася заявай, у якой выказалі «занепакоенасць» абвастрэннем абстаноўкі і прынеслі «спачуванні» Ерэвану.

Пасля гэтага сакратар Савета бяспекі Арменіі Армэн Грыгаран заявіў, што Ерэван не выключае выхаду з арганізацыі. Пазней Арменія адмовілася ад удзелу ў вучэннях АДКБ у Казахстане.

19 верасня 2023 года Азербайджан падчас аднадзённай аперацыі цалкам узяў пад свой кантроль Нагорны Карабах, расейскія міратворцы пры гэтым у тое, што адбываецца, палічылі за найлепшае не ўмешвацца. Цягам некалькіх дзён пасля гэтага НК пакінулі 100 тысяч армян, якія жылі там. Непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка (НКР), якая існавала з 1991 года, афіцыйна самараспусцілася 1 студзеня 2024 года.

Прэм'ер Арменіі Нікол Пашынян, пасля захопу НК азербайджанскімі войскамі, заявіў аб неэфектыўнасці АДКБ і «сур'ёзных пытаннях» да расейскіх міратворцаў. У лютым армянскі прэм'ер паведаміў, што сяброўства краіны ў АДКБ фактычна «замарожанае», а ў траўні Ерэван прыпыніў фінансаванне арганізацыі.

На фоне пагаршэння стасункаў з Масквой Ерэван актывізаваў кантакты з краінамі Захаду, што выклікала істэрыку ў расейскіх уладаў. «Арменію ператвараюць у інструмент рэалізацыі надзвычай небяспечных планаў калектыўнага Захаду», - казала афіцыйны прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава.

«Пашынян – хлус і нягоднік», – заяўляў першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы ў справах СНД Канстанцін Затулін. Дэпутат пры гэтым абвінавачваў прэм'ера Арменіі ў спробах «накіраваць гнеў армянскага народа на Расею», а таксама ў тым, што ён «праваліў і прайграў усё тое, за што яго папярэднікі і ўвесь армянскі народ змагаліся цягам многіх гадоў».

У пачатку чэрвеня пасол Арменіі ва Украіне Уладзімір Карапецян і кіраўнік адміністрацыі ерэванскага раёна Нор-Норк Тыгран Тэр-Маргаран наведалі ўкраінскую Бучу, дзе ўшанавалі памяць жыхароў горада, якія загінулі падчас расійскай акупацыі ў 2022 годзе, асудзілі расійскую агрэсію і перадалі ўкраінскаму боку гуманітарную Арменіі. «Мы ганарымся мужнасцю ўкраінскага народа, які абараняе сваю свабоду і незалежнасць на полі бою. Горад Ерэван і абшчына Нор-Норк заўсёды будуць падтрымліваць Бучу і іншыя абшчыны, якія пацярпелі ад расейскай агрэсіі», - сказаў Карапецян.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках